Завочныя суды, канфіскацыя аўтаў, арышты за вулічныя акцыі... Ці выстаіць Майдан?


Вярхоўная Рада Украіны прыняла папраўкі ў заканадаўства, якія могуць заблакаваць пратэсты, што адбываюцца цяпер у Кіеве.

Завочны суд выдумалі для Юліі Цімашэнкі?

З гэтага часу ва Украіне ўводзяць панятак «завочная крымінальная вытворчасць». Калі чалавек другі раз не прыйшоў па позве ў суд або да следчых, справу будуць разглядаць без ягонага ўдзелу. Праўда, следчы ці суддзя могуць пачаць завочны разгляд толькі ў тым выпадку, калі будзе даказана, што падазраваны (абвінавачаны) сапраўды атрымаў выклік у суд. Позву ж могуць адправіць праз электронную пошту – гэта будуць лічыць належным доказам атрымання дакументу.

Дэпутаты Вярхоўнай рады Украіны галасуюць за змены ў заканадаўстве. Фота pravda.com.ua Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны галасуюць за змены ў заканадаўстве. Фота pravda.com.ua «Завочна» будуць судзіць і тых украінцаў, якія жывуць за мяжою ды не прыехалі на суд. Асуджаны, аднак, зможа падаць праз пошту заяву аб адмене прысуду. Суддзя можа адмяніць рашэнне і пачаць разгляд справы ў звычайным парадку.

Украінскія эксперты мяркуюць, што змены ў заканадаўстве прынялі пад Юлію Цімашэнку, якая адмаўляецца прыязджаць у суд на разгляд новай крымінальнай справы. Цімашэнка спасылаецца на тое, што не можа прыбыць на паседжанне ў сувязі з кепскім станам здароўя. Цяпер жа суд можа прызнаць прысутнасць Цімашэнкі неабавязковаю ды агучыць вырак без яе ўдзелу.



З’явілася пакаранне за блакаванне дзяржустановаў



У Крымінальна-працэсуальным кодэксе з’явіўся новы артыкул, які прадугледжвае кару да 5 гадоў турмы за блакаванне дзяржаўных установаў. Раней менавіта такі артыкул адсутнічаў. Удзельнікаў «Еўрамайдану» цяпер могуць пакараць за блакаванне Кіеўскай гарадской рады.

За «няправільны» мітынг – 15 дзён, каскі – забараніць

Паводле новых паправак у Адміністратыўны кодэкс, за парушэнне парадку правядзення вулічных збораў і мітынгаў украінцам пагражае да 15 содняў арышту. Раней за гэта прадугледжваўся толькі штраф. Прычым з гэтага часу нельга выходзіць на акцыю пратэсту ў касцы, масцы ці з газавым балончыкам, а таксама ў вопратцы, якая нагадвае форму праваахоўнікаў. Пакаранне – да 15 дзён арышту.

За ўдзел у «Аўтамайдане» пазбавяць правоў і забяруць аўтамабіль

З гэтага часу рух у калоне больш як пяці аўтамабіляў будзе карацца штрафам да 100 долараў або пазбаўленнем правоў кіроўцы тэрмінам да двух гадоў з канфіскацыяй транспартнага сродку. У першую чаргу гэта ўдарыць па грамадскай ініцыятыве «Аўтамайдан», кіроўцы якой арганізавана ездзяць па горадзе і выказваюць свой пратэст.

Узмацнілася адказнасць і за кіраванне транспартным сродкам без правоў кіроўцы або пасля рашэння суда аб пазбаўленні правоў – цяпер гэта штраф да 310 долараў з канфіскацыяй транспартнага сродку. За апошні тыдзень суды масава пазбавілі правоў удзельнікаў «Аўтамайдану», і санкцыі, прынятыя Вярхоўнаю радай, адаб’юць ахвоту пратэстоўцаў ездзіць без правоў.



Непавага да суда? Паклёпнічаеш? За краты

За краты могуць адправіць і за непавагу да суда. Штраф павялічылі ўтрая – да 620 долараў – і ўвялі пакаранне ў выглядзе адміністратыўнага арышту. Атрымаць тэрмін можна за злосную няяўку ў суд, адмову выконваць распараджэнне суддзі ды наагул за любыя дзеянні, якія могуць быць расцэненыя суддзёй як непавагу.

З’явілася адказнасць і за распаўсюд непаважлівых матэрыялаў супраць працаўнікоў міліцыі. За гэта пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў. За аналагічныя дзеянні ў дачыненні суддзі – турма да двух гадоў.

У Крымінальна-працэсуальным кодэксе з’явіліся артыкулы «экстрэмізм» і «паклёп». Атрымаць судзімасць цяпер можна за распаўсюд заведама недакладных звестак аб асобе, якія знеслаўляюць гонар і годнасць. Раней гэтыя дзеянні разглядаліся толькі ў межах грамадзянскага судаводства.

Што будзе з Майданам і грамадзянскаю супольнасцю?

Прынятыя ў заканадаўства змены дадуць юрыдычную падставу разагнаць Еўрамайдан найбліжэйшым часам, а таксама могуць цалкам заблакаваць новыя акцыі пратэстаў. Новыя артыкулы КК закрануць журналістаў і праваабаронцаў – іхныя матэрыялы пра злачынствы чыноўнікаў могуць кваліфікавацца як паклёп.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў