«Дэтэктыў» з удзелам КДБ: Як у незалежных прафсаюзаў забіраюць офісы, але не могуць скарыць


Звальненні, пагрозы, адмова ў офісе і рэгістрацыі – гэта штодзённая рэчаіснасць незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Але калі трэба адстойваць уласнае права на існаванне, як ім удаецца абараняць інтарэсы працаўнікоў?

Бабруйск: Адмовіць прафсаюзу РЭП у памяшканні з любой прычыны



Сем разоў прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) спрабаваў зарэгістравацца ў Бабруйску. Столькі ж разоў атрымліваў адмову ў юрыдычным адрасе. Гісторыі з двума апошнімі офісамі ўвогуле нагадваюць дэтэктыў.

«Прыходзілі з Камітэту дзяржбяспекі ды настойліва «рэкамендавалі» не даваць юрыдычнага адрасу, адмовіць з любой прычыны, інакш – узнікнуць праблемы», – распавёў адзін з уласнікаў, у якога хацеў арандаваць памяшканне прафсаюз РЭП.

Да іншага бізнесоўца прадстаўнік КДБ завітаў напярэдадні Новага года. «Ён распавёў, што да яго прыехалі, пагрузілі ў аўтамабіль, напужалі працаўнікоў офісу. Ён сам быў напужаны, бо нічога не парушаў, і раптам яго забіраюць, – распавяла пра выпадак Галіна Смірнова, каардынатарка прафсаюзу РЭП у Бабруйску. – Яго завезлі ў КДБ, адвялі ў сутарэнні ды дапытвалі. «Раілі» ад нас пазбавіцца, бо «пад прафсаюзным сцягам мы займаемся амаль што падрыўною дзейнасцю супраць прэзідэнта».

Пасля Новага года чальцы РЭПу не змаглі трапіць у офіс. Нягледзячы на дзейную дамову аб арэндзе, у офісе ўжо працавала іншая фірма, былі змененыя замкі.

«Улады спрабуюць цяпер чужымі рукамі пазбавіць нас магчымасці працаваць і стварыць нам адмоўны імідж, маўляў, гэта ж не мы, а ўласнікі вам адмаўляюць у памяшканнях, ніхто з вамі звязвацца не хоча», – тлумачыць сітуацыю спадарыня Смірнова.

У незалежны прафсаюз прыходзяць, калі не дапамагае афіцыйны



Але людзі ўсё ж звяртаюцца ў незалежныя прафсаюзы, нягледзячы на перашкоды, што ствараюць улады.

«Апошнім часам вырасла колькасць зваротаў па юрыдычную дапамогу да незалежных прафсаюзаў, – зазначае старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч. – Людзі прыходзяць, калі афіцыйныя прафсаюзы адмаўляюцца ім дапамагаць».

Напрыканцы мінулага года, не знайшоўшы падтрымання ў дзяржаўным прафсаюзе гандлю, у прафсаюз РЭП уступілі добрушскія прадаўцы, на якіх мясцовае спажывецкае таварыства павесіла нястачу 101 мільён рублёў.

«У нашай практыцы шмат выпадкаў, калі на прадаўцоў вешалі нястачы, нават 4000 долараў на чалавека. Дзяржаўны прафсаюз гандлю адмаўляўся дапамагаць, – распавядае юрыст РЭПу Леанід Судаленка.Працаўнікі пераходзілі да нас, і мы дапамагалі – у выніку яны выплачвалі толькі 200 долараў кожны. Прафсаюз гандлю не мог дапамагчы, бо ён пад каўпаком працадаўцы, і яго інтарэсы бароніць, а не простага працаўніка».

Прадавачка з Добрушу Лілія Сцепанцова патлумачыла свой зварот да незалежнага прафсаюзу: «Я спадзяюся на дапамогу РЭПу, бо да афіцыйнага прафсаюзу звяртацца няма сэнсу – не дапамогуць».

На думку Генадзя Фядыніча, дзяржаўныя прафсаюзы не выконваюць сваіх функцыяў, і часта толькі ствараюць бачнасць дапамогі. У тым, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падтрымала нядаўна пратэсты медыкаў, няма ніякай заслугі, лічыць дзеяч: «Прафсаюз мусіць ведаць праблему, і вырашаць яе да таго, як людзі, даведзеныя да крайнасці, пачнуць страйкаваць. Тут людзі ўжо нікому не верылі, і вырашылі самі падняцца».

Каб праца была эфектыўная, трэба, каб нас было больш



«Нас так заціснулі, што ўсё, што можна рабіць, – праз суды пытанні вырашаць. Сур’ёзная праца на заводзе немагчымая, – кажа Аксана Кернажыцкая, сябра Свабоднага прафсаюзу беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску. – Наш прафсаюз не аўтарытэтны для наймальніка, нашыя словы не маюць ніякай вагі. Каб незалежныя прафсаюзы працавалі эфектыўней, нам трэба яднацца, каб нас было больш».

Сёння ў Беларусі дзеюць чатыры незалежныя прафсаюзы, якія складаюць Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў: Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Агулам незалежныя прафсаюзы аб’ядноўваюць каля 10 000 чальцоў.

Тое, што цяпер незалежным прафсаюзам бараніць правы працаўнікоў не так проста, адзначае і старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў: «У тых умовах, што нам стварылі, эфектыўная абарона правоў – гэта цяжка. Нас нават няма ў калектыўнай дамове, працаўнікоў шмат чаго пазбавілі, і мы не можам нічога зрабіць, бо адміністрацыя заводу проста не дазваляе».

У той жа час СПБ у Бабруйску выйграе суды, адстойваючы правы сваіх чальцоў.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў