Куды рассяліць гасцей у Год гасціннасці?


Куды рассяліць гасцей у Год гасціннасці? Замежнікам актыўна прапаноўваюць набываць квіткі на чэмпіянат свету па хакеі, пры гэтым у 8-мі з 10 гатэляў, што мусілі пабудаваць да спаборніцтваў, сарваныя тэрміны будаўніцтва. Шэсць гатэляў ужо дакладна не паспеюць адчыніць свае дзверы да пачатку хакейных матчаў. У чым прычыны будаўнічага прабуксоўвання?
{movie}Да чэмпіянату не паспеюць (15.01.2014) |right|14280{/movie}
Каб штосьці пабудаваць у Менску, трэба спачатку шчыльна супрацоўнічаць з чыноўнікамі. Большасць часу ідзе на запыты, узгадненні ды атрыманні дазволаў. І толькі потым, калі ўсё добра, можна закладваць фундамент.

МІХАІЛ БАРАДЗІН, ІНВЕСТЫЦЫЙНЫ КАНСУЛЬТАНТ: “Пабудаваць дастаткова буйны будынак – 10–15 паверхаў – цалкам магчыма за паўгода”.

Вось пазамінулагодняе відэа будоўлі гатэляў, што паводле планаў мусілі прыняць хакейны чэмпіянат. А вось сённяшняе. Гэта пяцізоркавы гатэль «Kempinski», што паводле ўказу прэзідэнта з пачатку года ўжо мусіў прымаць пастаяльцаў. Не паспелі. А ці спяшаліся ўвогуле?

МІХАІЛ БАРАДЗІН, ІНВЕСТЫЦЫЙНЫ КАНСУЛЬТАНТ:
“Атрымаць зямлю пад забудову любога камерцыйнага аб’екту ў Менску даволі цяжка. І таму шмат хто з забудоўнікаў ухапіўся за гэтую магчымасць – атрымаць зямлю пад будаўніцтва менавіта гатэлю”.

Той самы “Kempinski” ў хакейных мэтах атрымаў выключныя ільготы ад дзяржавы. Забудоўніка вызвалілі ад шэрагу падаткаў і збораў, яму далі 7 мільярдаў рублёў з бюджэту, зрабілі спрошчаны рэжым для прыёму на працу замежнікаў і шмат чаго яшчэ. Чаму такія крокі насустрач? У будоўлі ўдзельнічае кампанія “Трайпл” Юрыя Чыжа, на Захадзе вядомага як “кашалёк Лукашэнкі”. Таму цяпер не факт, што Камітэт дзяржкантролю ці ўрад змогуць прымусіць інвестара вярнуць грошы з-за сарваных тэрмінаў.

Так што падчас чэмпіянату з гэтых пяцізоркавых гатэляў проку не будзе. А пасля?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: “Выродства страшнае! Я ўсё жыццё тут жыў. Проста адсекчы ногі ды архітэктара звольніць за поўную неадпаведнасць”.
“Запоўненыя яны не будуць, а калі будуць, то толькі заўзятарамі з іншых краінаў”.
“Будзем радавацца, калі яны запоўняцца, а калі не – шкада, зразумела. Але ці будуць яны спачатку дабудаваныя – таксама пытанне”.

Паводле Камітэту дзяржкантролю, галоўная праблема зрыву тэрмінаў – недахоп будаўнікоў. Працуюць у 3, а то і ў 5 разоў менш спецыялістаў, чым трэба. Шмат людзей паехала за мяжу, у тую ж Расею, бо там плацяць лепш. Засталіся тыя, каму хапае.

БУДАЎНІКІ:
“Нармальны сярэдні заробак. Усё задавальняе, хапае на жыццё”.
“Працуе народ, не крыўдзіцца, нармальны заробак”.

Каб паспець дабудаваць хаця б частку з запланаваных гатэляў, трэба мінімум 2 тысячы будаўнікоў. Дзяржкантроль прапанаваў ураду шукаць рэзервы ў рэгіёнах. І нават за мяжой.

РЭПАРЦЁР:
“Можна вам пытанне задаць? Пару пытанняў”.
БУДАЎНІК:
“Я не панімай”.

Найбольш патрэбныя будуць трохзоркавыя гатэлі і хостэлы, кажуць адмыслоўцы ў турызме.

ВАЛЯНЦІН ЦЭХМЕЙСТЭР, РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ ТУРЫСТЫЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ:
“Пяцізоркавыя гатэлі будуць запатрабаваныя на фінальнай частцы чэмпіянату, калі прыязджаюць кліенты заможныя. Але вельмі важны – сегмент масавага наведніка”.

Каб гасцям хапіла месца, менскія ўлады плануюць аддаць ім загарадныя турыстычныя аб’екты ды студэнцкія інтэрнаты. Студэнтаў павысяляюць. Але ёсць яшчэ адна праблема: у Менску папросту не хапае кваліфікаваных працаўнікоў у сферы турызму і абслугоўвання. А да 9-га траўня, калі пачнецца чэмпіянат, падрыхтаваць іх таксама наўрад ці паспеюць.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў