«Праблема з беларускаю моваю… не адпавядае рэчаіснасці ды ментальнасці нашага народу»


Лічыць намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце Леў Крыштаповіч.

У краіне не існуе праблемы з беларускаю моваю, пра якую кажуць апазіцыйна настроеныя палітычныя і культурныя дзеячы, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі кіраўніка краіны Леў Крыштаповіч.

«Пастаяннае ўкіданне ў інфармацыйную прастору гэтай праблемы з боку пэўных культуралагічных ці палітычных агентаў, што, маўляў, у нас непарадак з беларускаю моваю, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці ды ментальнасці нашага народу», – лічыць Крыштаповіч.
Zrzut ekranu 2014-01-15 o 17.35.17
«Праблемы, на якой мове размаўляць, расейскай або беларускай, для нашых грамадзянаў не існуе. Калі мы пытаемся, якую мову грамадзяне лічаць сваёй роднаю, адказы размяркоўваюцца прыкладна пароўну паміж беларускаю і расейскаю мовамі».

Гэткім чынам, мяркуе Крыштаповіч, меркаванне пра тое, што «толькі размова на беларускай мове» робіць беларусаў «нейкімі сапраўднымі беларусамі», не адпавядае рэчаіснасці, а людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусаў, не губляюць сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, калі гавораць па-расейску, адзначае кіраўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце.

Прадстаўнік прэзідэнцкага экспертнага цэнтру падкрэсліў, што прынятае ў свой час рашэнне ўстанавіць у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы было правільнае [14 траўня 1995 года расейская мова атрымала статус дзяржаўнай поруч з беларускаю моваю. Рашэнне прынялі на рэспубліканскім рэферэндуме – belsat.eu].

«Нашае грамадства захоўвае сацыякультурнае адзінства, гэта ўскоснае пацверджанне палітыкі прэзідэнта і ў іншых сферах. Палітыка прэзідэнта сёння фактычна адэкватная ўсім унутраным і міжнародным умовам, гэта – аснова сацыяльнай і палітычнай стабільнасці ў нашым грамадстве», – заявіў Крыштаповіч.

ЮВ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары