Навошта праваслаўнай грамадзе амары, вустрыцы і каралеўскія крабы?


Рэлігійная грамада «Прыход у гонар Усіх Святых у г. Менску» Беларускага Экзархату закупіла дзясяткі кілаграмаў дарагіх морапрадуктаў з ЗША.

Паводле дакументаў, апублікаваных на сайце Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду, грамада атрымала дазвол на ўвоз 14 кг каралеўскіх крабаў, 7 кг чылійскага сібаса, 30 кг ахалоджаных амараў, 12 кг вустрыцаў, 10 кг філе жоўтапёрага тунца і 10 кг марскіх грабеньчыкаў. Згодна з дакументамі, большасць морапрадуктаў ужо ўвезеная ў Беларусь.

У канцылярыі рэлігійнай грамады не змаглі патлумачыць, навошта спатрэбілася купляць гэтыя прадукты, і параілі звярнуцца з афіцыйным запытам у пісьмовай форме.

Дарагія морапрадукты могуць быць выкарыстаныя для ўрачыстага фуршэту з нагоды прыбыцця ў Менск Дароў Валхвоў. Гэта агульнахрысціянская рэліквія, што будзе ў Менску з 17 да 24 студзеня. Мяркуецца, што ў срэбным куфэрку – сапраўдныя часціны смірны, ладану і золата, што, паводле Бібліі, валхвы прынеслі да нованароджанага Ісуса.

МЛ, belsat.eu, паводле malishevsky.livejournal.com

Стужка навінаў