Беларускія ваяжы амерыканскіх прэзідэнтаў (фота + відэа)


Сёння – 20-я ўгодкі візіту прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь. Прыезд кіраўніка краіны такога рангу меў падкрэсліць увагу да таго, што Беларусь з уласнай ініцыятывы адмовілася ад ядравага статусу.

Аб прыездзе Біла Клінатна падрабязна піша ў сваёй кнізе «Сем гадоў Адраджэння, албо фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)» палітык і журналіст Сяргей Навумчык. Яшчэ ў 1993-ым ён меў дачыненне да рыхтавання гэтага візіту. Паводле яго, выканаўчыя ўлады тады рабілі ўсё, каб амерыканскі прэзідэнт не трапіў у Курапаты і не сустрэўся з прадстаўнікамі апазіцыі БНФ.
{movie}Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан у Курапатах|right|14261{/movie}
У менскім аэрапорце Клінтана сустракаў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч з жонкаю. Сяргей Навумчык піша, што непрыяцелі (якіх у Вярхоўным Савеце была большасць) хацелі скінуць Шушкевіча яшчэ перад візітам: разлічвалі, што тады кіраўнік ЗША абміне Менск. Гэта, паводле аўтара, было б на руку Маскве, якая не жадала прыцягваць увагі сусветных медыяў да незалежнасці Беларусі. Аднак тагачасны прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч усё ж такі вырашыў «засвяціцца» з Клінтанам – у якасці самарэкламы перад прэзідэнцкімі выбарамі, на якіх разлічваў перамагчы. Сустрэчу падрабязна асвятлілі дзяржаўныя медыі. Дарэчы, з лідарам БНФ Зянонам Пазняком амерыканскі прэзідэнт убачыўся нават двойчы: у Доме прыёмаў беларускага ўраду і падчас наведвання Курапатаў.

Мала хто памятае пра візіт у Беларусь іншага амерыканскага прэзідэнта – Рычарда Ніксана. Гэта адбылося ў 1974 годзе, на 30-ыя ўгодкі вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі ды незадоўга да адстаўкі Ніксана. Кіраўнік ЗША прыязджаў у СССР, каб спаткацца з Леанідам Брэжневым і ўзяць удзел у канферэнцыі па раззбраенні, падчас якой падпісалі дамову пра абмежаванне атамных выпрабаванняў. Менск Ніксан наведаў на зваротным шляху па дарозе ў ЗША.

nixon chatyn

Прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан у Хатыні. Фота rianovosti

Некалькі сказаў пра візіт знаходзім у кнізе кіраўніка беларускай службы радыё «Свабода» Аляксандра Лукашука «След матылька». «Яны прыляцелі з Крыму, дзе сустракаліся з генеральным сакратаром ЦК КПСС Брэжневым, на два дні. Прысутнічалі на парадзе, усклалі кветкі да помнікаў, іх завезлі ў мемарыяльны комплекс «Хатынь». Заходні друк пісаў тады пра Хатынь як свядомую падмену Катыні, дзе НКВД расстраляла тысячы польскіх афіцэраў», – чытаем у кнізе.

«Белсат» знайшоў тэкст тосту, які Рычард Ніксан прамовіў падчас афіцыйнага прыёму 1 ліпеня 1974 года ў Менску. У ім амерыканскі прэзідэнт тройчы ўзгадаў пра беларускіх жанчын.

«Ад імя ўсіх амерыканскіх гасцей, хачу падзякаваць за цудоўны абед. Цяпер я ведаю, чаму генеральны сакратар, спадар Брэжнеў, абраў Менск горадам, у які мы паедзем.

Спачатку я думаў, гэта таму, што Менск і Беларусь праславіліся на ўвесь свет, дзякуючы гэтай маленькай смелай дзяўчынцы – Вользе Корбут. Але размаўляючы з сябрамі, якія сядзелі справа і злева ад мяне, я высветліў, што беларускія жанчыны не толькі прыгожыя, але яшчэ моцныя і мужныя.

Цяжка зразумець сутнасць вайны, пакуль сам з ёй не сутыкнешся. І я ведаў, што і Сакратар з правага боку, і Кіраўнік з левага не толькі самі ў ёй змагаліся, яна пакінула адбітак на іхных жыцці яшчэ і таму, што на ёй загінулі іхныя блізкія сваякі, у іхным выпадку – родныя маці. І пытанне – чаму гэты горад атрымаў званне гораду-героя? Па-першае, бо ён вельмі пацярпеў, разам з усёю рэспублікаю. Па-другое, бо не толькі мужчыны, але і жанчыны праявілі падчас вайны выключную мужнасць. Па-трэцяе, нягледзячы на акупацыю, горад і рэспубліка адрадзіліся, і самыя лепшыя часы іх чакаюць у будучыні.

Гэткім чынам, гэта насамрэч горад-герой і рэспубліка-гераіня. Таму я мяркую, што генсек Брэжнеў хацеў, каб спадарыня Ніксан і я прыехалі сюды і адзначылі разам з вамі 30-годдзе вызвалення.

Як лепей адзначыць такі дзень? Такім шыкоўным прыёмам, з выдатнаю ежаю, з добрым віном і ў выдатнай кампаніі; учорашнім парадам і візітамі да помнікаў, што мы будзем мець гонар зрабіць пасля абеду.

Nixon1

Прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан на плошчы Перамогі ў Менску. Фота rianovosti

Але найлепшы спосаб адсвяткаваць дзень заканчэння вайны – гэта пабудаваць мір. І найлепшы помнік, які мы можам прысвяціць адной чацвёртай частцы насельніцтва, якая загінула падчас Другой сусветнай вайны, – гэта збудаваць схему міру такім чынам, каб іх дзеці ды ўнукі ніколі не сталі ахвярамі чарговай вайны.

І калі я глядзеў на гэтых прыемных маладых людзей, якія сёння абслугоўваюць нас, у галаву прыйшла такая думка: што ў нашых руках – тых, хто служыў падчас Другой сусветнай вайны, – дык гэта адказнасць за тое, ці гэтае моладзь будзе жыць у мірны перыяд ці ім будзе наканавана прайсці праз жахі вайны. І я магу вас запэўніць, што […] Генеральны сакратар і ягоныя калегі, а таксама сябры нашай партыі – мы робім усе намаганні, каб прадэманстраваць, што два наймацнейшыя народы і дзве наймацнейшыя нацыі ў свеце не збіраюцца пахаваць сваіх дасягненняў і зноў траціць маладых людзей на вайне, яны збіраюцца супрацоўнічаць дзеля імя міру паміж імі ды на ўсім свеце.

І гэта вельмі трапна, што менавіта ў гэтым горадзе і ў гэтай рэспубліцы, якая цярпела ад войнаў цягам шматліх стагоддзяў, што цяпер мы звяртаемся на мове міру да ўсіх людзей.

Няхай жа Менск не будуць памятаць толькі за тое, што кожнае пакаленне брала ўдзел у змаганні, але як вялікі горад, які прынёс дабрабыт і мір у гэтую рэспубліку.

Таму я прапаную падняць бакалы за нашых гаспадароў – кіраўніка рэспублікі, старшыню і Савет Міністраў, за сакратара Партыі, за горад-герой Менск, за ўсіх тых адважных мужчын і жанчын, якія загінулі ды пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, і за новае пакаленне, якое вырасце ў міры дзякуючы таму, што мы ў стане зрабіць».

Аліна Кашкевіч, Якуб Бернат, belsat.eu

https://youtu.be/0ofbbkIUbIU

Глядзі таксама
Каментары