Беларускія вайскоўцы стварылі беспілотны «круглы планер»


Міністэрства абароны паведамляе пра новую вайсковую распрацоўку – гэта круглы беспілотнік. Першы прататып зроблены з пенаплэксу – уцяпляльніка для сценаў.

«Беспілотнік амаль гатовы. Днямі на яго ўсталююць два рухавікі, усю неабходную электроніку, і адбудзецца першы выпрабавальны палёт», – паведамляе сайт Міністэрства абароны. Лятальны апарат у форме шара вайскоўцы наззываюць «планерам» і паведамляюць, што кірунак палёту ён будзе змяняць дзякуючы элеронам – гэткія прыстасаванні выкарыстоўваюцца ў самалётах.

Пабудоваю круглага беспілотніка займаюцца курсанты вайсковага факультэту Менскага дзяржаўнага авіяцыйнага каледжу.

Тым часам беларускія навукоўцы ўсур’ёз займаюцца распрацоўваннем беспілотных летакоў. У 2012 годзе прадэманстравалі першы такі лятак айчыннай вытворчасці – «Стэрх-БМ». Гэты апарат важыць 65 кг і развівае крэйсерскую хуткасць 120 км/г. Максімальная хуткасць складае 200 км/г, максімальная дальнасць палёту – 240 км, вышыня палёту – 3 км. Паводле незалежных экспертаў, вытворчасць беспілотнікаў разлічаная перадусім на пакупнікоў у Лацінскай Амерыцы і на арабскія краіны.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў