Беларусаў і кітайцаў аб’яднае праваслаўная царква?


Што чакае Беларускую праваслаўную царкву пасля прыходу новага мітрапаліта, калі ўлічыць, што інтарэсы патрыярха Кірыла скіраваныя цяпер на Кітай?

Пра гэта – «Размова Мацкевіча» з тэолагам і грамадскаю актывісткаю Наталляй Васілевіч. Паводле яе, мітрапаліт Філарэт, які 35 гадоў кіраваў Беларускаю праваслаўнаю царквою, быў яркай асобаю: «Я заўсёды паўтараю, што ён быў іерарх міжнароднага ўзроўню». Магчыма, лічыць тэолаг, наяўнасць такой асобы перашкодзіла таму, каб выраслі дастойныя пераемнікі.

{movie}«Размова Мацкевіча» з тэолагам і грамадскаю актывісткай Наталляй Васілевіч|right|14257{/movie}

Наталля Васілевіч адзначае, што сярод беларускіх епіскапаў няма адзінай пазіцыі ў шмат якіх пытаннях. Калі б яна была, сінод Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) змог бы выстаўляць свае патрабаванні Маскве. І калі супраць Філарэта ісці ніхто не адважыўся, дык пры новым мітрапаліту Паўлу супярэчлівасці могуць праявіцца.

Геапалітычныя амбіцыі Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) яшчэ раз пацвердзіў той факт, што Аляксандру Лукашэнку не далі правесці на пасаду кіраўніка БПЦ Фёдара Поўнага, прыслаўшы замест апошняга мітрапаліта з Разані.

Наталля Васілевіч заўважае, што РПЦ цікавіць збіранне зямель не толькі Беларусі ды Украіны. Патрыярх Кірыл «настойліва вызначае кананічныя тэрыторыі ў Кітаі»: «Гэтая цывілізацыя сябе асэнсоўвае ў процівагу заходняй. І беларуская дзяржава з прэзідэнтам Лукашэнкам і 10 мільёнамі чалавек успрымаецца як дробная палітычная фігура. А вось сам патрыярх Кірыл аб’ядноўвае мільёны і мільёны вернікаў», – гаворыць тэолаг.

Тыя, хто падтрымлівае патрыярха Кірыла ў беларускім экзархаце, схіляюцца да ідэі трыадзінай Русі. У той жа час, лічыць суразмоўніца, некаторыя праваслаўныя епіскапы больш свядомыя ў беларускім пытанні, чым іхныя прыхаджане.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў