“Каб менскае метро не было стратным, кошт квітка павінен быць каля аднаго еўра”


Графік будовы чацвёртай лініі метро Менскі гарвыканкам зацвердзіць ужо на гэтым тыдні. Гэта пры тым, што цяперашнія дзве лініі ўсцяж дабудоўваюцца, а першыя станцыі трэцяй галіны абяцаюць адкрыць толькі праз тры гады. Ці трэба 2-мільённаму гораду гэткая буйная сетка метрапалітэну? І ці не занадта схуднее дзяржбюджэт ад гэтых праектаў?

Менскі метрапалітэн маюць павялічыць амаль удвая. Але калі праект чацвёртай лініі яшчэ даволі цьмяны, у яе дасюль няма і назвы, то ўжо вядома, што дзеля будовы трэцяй галіны, “Віцебскай”, давядзецца знішчыць 66 адміністратыўных і 29 жылых дамоў. На вуліцы Жукоўскага пашырэнне падземкі пачалі з вырубкі дрэваў. Мясцовыя жыхары ад гэтага не ў захапленні, аднак супраць самой будовы нічога не маюць.

{movie} Лініі ўяўныя ды існыя|right|14255{/movie}

ЖЫХАРЫ ВУЛІЦЫ ЖУКОЎСКАГА:

“Тое, што дрэвы вырубілі, вядома, не вельмі падабаецца, але метро, безумоўна, у лепшы бок. Бо людзей шмат”.

“Ну, вядома, мы вельмі цешымся. Дрэваў шкада, але метро патрэбнае: раён вунь як расце, дамы будуюцца, яшчэ б машыну куды дзець”.

“Тое, што дрэвы вырубілі, адмоўна, а што метро будзе – нібыта няблага”.



Першыя станцыі трэцяй лініі метро, зялёнага колеру на мапе, маюць быць гатовыя праз тры гады, гэта адцінак ад сённяшніх станцыяў Фрунзенская і Плошчы Леніна. Разам з ёю аранжавая, чацвёртая галіна, мусіць разгрузіць транспартавую напругу ў раёне плошчы Бангалор і звязаць з цэнтрам сталіцы Серабранку.

І калі планам будзе наканавана збыцца, то ў 2030-х гадах метрапалітэн вырасце да 77-мі кіламетраў і 58-мі станцыяў. Праект не танны, аднак з эканамічнага гледзішча – неабходны.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Усе такія вялізарныя інфраструктурныя праекты, інвестыцыйныя, яны пацягнуць вельмі вялікую нагрузку на бюджэт і на тыя ж самыя знешнія пазыкі. Але я лічу, што гэтым трэба займацца, бо калі гэтага не рабіць, то ва ўмовах эканамічнай стагнацыі, у якой зараз апынулася беларуская прамысловасць, адзінае выйсце – рабіць такія магутныя праекты”.

Доўгатэрміновая і маштабная будова зойме прадпрыемствы ды створыць працоўныя месцы. Сітуацыю ўскладняе тое, што менскі метрапалітэн зусім не акупаецца ў фінансавым плане. Перавод жа на самаакупляльнасць наўрад ці будзе да спадобы самым пасажырам.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Каб менскае метро не было стратным, кошт квітка павінен быць каля аднаго еўра, і тады сам пасажыраабарот дазваляе выйсці на прыбытковы ўзровень”.



Пакуль жа кошт праезду ў сталічным метро ў некалькі разоў меншы. Але менчукі добра разумеюць, з чыіх кішэняў возьмуцца грошы на новыя лініі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Вядома, трэба, а як жа. Але ж гэта зноў за нашыя грошыкі… Тады не ведаю. Нібыта і трэба, але грошай шкада”.

“Самая ідэя будаваць – гэта, безумоўна, добра, але, улічваючы, што цяпер з фінансамі ў нас цяжкавата, то думаю, што можна было б пачакаць”.



Сталічныя ўлады чакаць не збіраюцца. На будову трэцяй лініі ўжо выдаткавалі Br 89 млрд. А Мікалай Ладуцька заклікае прыспешыць працы ды запрашае на суботнік дапамагчы будаўнікам метро ў бліжэйшыя выходныя.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў