«Амерыканка. All included» з Фядутам у галоўнай ролі


Як паказаць у дакументальным кіно тое, што немагчыма зняць? Напрыклад, камеру ў турме КДБ «амерыканцы», сукамернікаў і яшчэ горш – адміністрацыю турмы. Рэжысёр Віктар Корзун знайшоў спосаб.

{movie}Амерыканка. All included. Трэйлер|right|14246{/movie}

«Цяпер дакументалістыка шукае новыя формы, і зусім нядаўна дакументальнае кіно пачалі рабіць сродкамі мультыплікацыі,зазначае рэжысёр Віктар Корзун. – На сур’ёзных кінафэстах неаднойчы былі скандалы-спрэчкі, ці лічыць дакументальным фільмам стужкі на дакументальным матэрыяле, выкананыя сродкамі анімацыі. І на фэстах пастанавілі: так, бо ў падмурак пакладзеныя рэальныя факты, падзеі ды персанажы. Наяўнасць рэальнага аўтара, які мог бы быць галоўным персанажам, падказвала канцэпцыю, калі рэальны асноўны герой фільму дзеіць у маляваных інтэр’ерах побач з намаляванымі ж іншымі героямі. Заставаліся пытанні рэканструкцыі рэальных інтэр’ераў і выканання фонавых малюнкаў. І толькі непасрэдна перад планаваннем здымкаў нарэшце знайшлі мастака (Анатоля Тадорскага) з патрэбнаю «рукою» для стварэння асновы інтэр’ераў, дзе адбываюцца дзеі».

Фільм зняты паводле кнігі журналіста Аляксандра Фядуты «Амерыканскія вершы», але шмат увабраў з таго, што засталося па-за друкаванымі радкамі. У выданні апісваюцца 110 дзён, праведзеных аўтарам у гэтак званай «амерыканцы» пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Галоўная ідэя фільму – змяніць жанр з драмы на камедыю. Жудасная дзяржаўная махіна малюецца ў іранічных фарбах, робіцца смешнаю, ператвараецца ў карыкатуру на самую сябе.

«Пасля азнаямлення з фрагментамі тэксту ў выкананні аўтара адчулася кіношнасць матэрыялу. Прывабілі пазітыў погляду, трагікамічнасць сітуацыяў, самаіронія аўтара. І ўявілася карысць ад такога фільму, калі чалавек у экстрэмальных умовах спрабуе змагацца з жахліваю рэальнасцю, трансфармуючы яе ў іранічныя, сатырычныя формы. І ўсё гэта пры тым, што матэрыял цалкам дакументальны. Пасля, на стадыі пісання сцэнара, з’явілася канцэпцыя фільму, дзе аўтар выконвае ролю самога сябе», – апавядае рэжысёр Віктар Корзун.

У творчай біяграфіі Аляксандра Фядуты, між іншага, ёсць роля аслепленага графа Глостэра з «Караля Ліра» – роля без словаў. Гэта быў эцюд гарадзенскай тэатральнай студыі «Праметэй», дзе ён калісьці займаўся.

«Настаўнікі Канстанцін Алёхін, Вольга Філіпчык, Аляксандр Струнін вучылі мяне быць самім сабою на сцэне. Дапамагло і ў рэальнай, і ў намаляванай «амерыканцы», – распавёў Аляксандр Фядута ў інтэрв’ю «Белсату».

Пра тэатральныя спробы маладосці ведаў рэжысёр Віктар Корзун. Таму кастынг на выкананне ролі самога сябе Аляксандр Фядута прайшоў паспяхова. Акторскія здольнасці, напэўна, дапамаглі эмацыйна не перажываць яшчэ раз падчас здымак тыя 110 дзён за кратамі ды да сцэнара, напісанага паводле ўласнай кнігі, паставіцца як да «чужой п’есы», а да яе галоўнага героя (Аляксандра Фядуты) – як да «персанажа».

Здымкі занялі 3 дні. «Вось гэта было вельмі цяжка. У мяне страшна балела нага, і ў адной з апошніх сцэнаў, дзе я спрабую падняцца, Корзун праявіў сябе проста як садыст: ён замест таго, каб даць мне нейкую апору, здымаў, як я мучуся. Праз хвіліну я падняўся, я марыў яго забіць».

«На здымках было шмат сюрпрызаў з рознымі знакамі, ды прыходзілася шмат імправізаваць у працэсе», – дадае рэжысёр.

Што атрымалася ў супрацы выдатнага рэжысёра з таленавітым пісьменнікам ды, як апынулася, акторам, глядзіце ўжо ў суботу 18 студзеня а 21:30 праз спадарожнік ды на сайце ў онлайн-трансляцыі. Пасля прэм’еры фільм будзе даступны да прагляду і спампоўвання ў фільматэцы «Белсату».

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў