Новы від забавы: «Мова ці кава» ды «Мова нанова» прайшлі пры поўным аншлагу


Курсы «Мова ці кава», дзе ў нязмушанай форме кожны можа вучыцца размаўляць, жартаваць і спрачацца па-беларуску, за мінулы год ператварыліся ў магутнае мерапрыемства, а ў новым годзе ў сталіцы рассыпаліся на дзве паўнавартасныя імпрэзы. Учора абедзве прайшлі адначасова ў розных месцах і пры поўным аншлагу.

{movie}Агляд падзеяў культуры (14.01.2014) |right|14245{/movie}

Паводле самых сціплых падлікаў, у галерэю «Ў» учора сабраліся больш за 300 чалавек. Сустрэчу тут праводзілі ўжо знаёмыя публіцы журналіст Глеб Лабадзенка ды філолаг Алеся Літвіноўская. Курсы ж цяпер носяць назву «Мова нанова» і займелі некаторыя новыя элементы.

Арганізатар, журналіст Глеб Лабадзенка, кажа: «Сёння на нашым занятку на скайп-злучэнні быў былы амбасадар каралеўства Швецыя Стэфан Эрыксан. Ён сказаў вельмі важную рэч: беларусы баяцца гаварыць па-беларуску, бо яны перфекцыяністы. Калі гаварыць, то толькі так, як Купала і Колас. Не! Калі Стэфан пачынаў гаварыць, то ён гаварыў з памылкамі, і сёння ўсім параіў: не бойцеся і, галоўнае, пачынайце”.

Прэзентавалі на занятках і сайт курсаў «Мова нанова», дзе выкладзеныя матэрыялы да заняткаў ды багата цікавостак.

Прайшлі ўчора і знаёмыя паводле назвы, але цалкам новыя паводле фармату курсы «Мова ці кава», якія ладзіць аўтарка ідэі заняткаў Кацярына Кібальчыч. У новым годзе значна разросся склад вядоўцаў гэтых курсаў. Між іх з’явіўся, у прыватнасці, журналіст «Белсату» Алесь Залеўскі. У памяшканне творчай прасторы «ЦЭХ» сабралася каля сотні чалавек, як бачым, у асноўным маладых.

«Ідэя не ў тым, каб менавіта гэты праект жыў вечна. Ён будзе, будуць гэтыя флагманскія курсы. Але галоўная задума – каб нешта падобнае само вірусна распаўсюджвалася па Беларусі», – адзначае аўтарка ідэі моўных курсаў «Мова ці кава» Кацярына Кібальчыч.

Відавочна, менскае паветра падалося гэтаму вірусу вельмі спрыяльным. На сёння ў сталіцы, апроч згаданых папулярных нефармальных курсаў, дзеяць яшчэ тры.

Іншыя тэмы: У кнігарні «ЛогвінаЎ» Ігар Бабкоў і Наталка Харытанюк прэзентавалі кожны сваю кнігу. Гарадзенскі тэатр лялек упершыню зладзіў Навагодні карнавал – тут паказалі дзіцячую казку «Таямніца Снежнай каралевы» ў дарослай версіі.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў