Што ўлады зробяць з недабудаванымі гатэлямі пасля ЧС па хакеі?


У сталіцы поўнаю хадою рыхтуюцца да чэмпіянату свету па хакеі. Між іншага, плануецца пабудаваць 22 новыя гатэлі. Такім чынам колькасць гатэльных нумароў мае павялічыцца амаль удвая і складзе каля 9-ці з паловаю тысячаў. Аднак частка самых дарагіх гатэляў можа не паспець адчыніць свае дзверы да пачатку спартовай імпрэзы.

{movie}Што ўлады зробяць з недабудаванымі гатэлямі пасля ЧС па хакеі? (“Студыя” “Белсат”) |right|14242{/movie}

Камітэт дзяржаўнага кантролю забіў трывогу. Палова элітных гатэляў, якія будуюцца адмыслова да чэмпіянату свету па хакеі, выбіліся з тэрмінаў. Цяпер перад уладамі паўстала два супрацьлеглыя пытанні: куды засяляць турыстаў падчас чэмпіянату і што рабіць з вольнымі месцамі пасля яго правядзення.

Пасля праверкі Камітэту дзяржаўнага кантролю высветлілася, што 6 з 10 элітных гатэляў, якія будуюць у Менску, не паспяваюць адчыніцца да галоўнай спартовай падзеі краіны.

Улады чакаюць, што падчас чэмпіянату свету па хакеі турысты даведаюцца, наколькі Менск прыстасаваны для адпачынку, і будуць вяртацца сюды. Таксама плануецца, што паляпшэнне інфраструктуры спрычыніцца да правядзення большай колькасці міжнародных імпрэзаў і выставаў.

Паводле інвестыцыйных дамоваў, гатэлям, якія будаваліся да чэмпіянату свету, давалі шырокія падатковыя ільготы. Але праз тое, што тэрміны будаўніцтва парушаныя, дзяржава будзе намагацца вярнуць грошы. Агульная сума бюджэтных стратаў ацэньваецца цяпер на Br 55 млрд.



Яшчэ адна праблема, якая можа паўстаць, – гэта ўзровень сэрвісу ў гатэлях. Еўрапейскія турысты прызвычаіліся да пэўнага ўзроўню абслугоўвання, якому беларускі яшчэ не адпавядае. Частка гатэляў будзе сустракаць гасцей са свежаю фарбаю на сценах, а яшчэ патрэбнае адпаведнае рыхтаванне персаналу.

Алег Ражкоў, belsat.eu

Стужка навінаў