Шляхецкія строі і Пагоня на сцэне. Купалаўскі тэатр паставіць «Пана Тадэвуша»


У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 15 студзеня адбудзецца прэм’ера спектаклю «Пан Тадэвуш» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Гэта першая сцэнічная версія паэмы Адама Міцкевіча ў беларускім тэатры.

Дзеянне ў творы, перакладзеным Язэпам Семяжонам, развіваецца цягам пяці дзён 1811 года і аднаго дня 1812-га. Падзеі адбываюцца на берагах Нёмну напярэдадні прыходу Напалеона на нашыя землі.

Пана Тадэвуша грае Павел Харланчук, графа – Раман Падаляка, Талімену – Юлія Шпілеўская і Святлана Анікей, Зосю – Марта Голубева і Крысціна Казак.

Разам з Пінігіным над спектаклем працавалі мастак Зіновій Марголін, мастачка строяў Алена Ігруша і кампазітар Андрэй Зубрыч.



Акторы выйдуць на сцэну ў адмысловых строях, на ўзор тых, у якія апраналася шляхта на беларускіх землях пачатку XIX стагоддзя. Выкарыстаюць у дзеі штандары з гістарычнымі сімваламі Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага – Белым Арлом і Пагоняю.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў