Вялікая сіла міліцэйскага мантажу: гэта народ біў беркутаўцаў



Міністэрства ўнутраных справаў Украіны змантавала відэасюжэт, у якім выставіла ўдзельнікаў Еўрамайдану «баевікамі» і «злачынцамі». Ролік дэманстравалі замежным амбасадарам.
{movie}Відэасюжэт, змантаваны МУС Украіны, у якім удзельнікі Еўрамайдану выстаўлены «баевікамі» і «злачынцамі»|right|14238{/movie}
Матэрыял створаны на аснове падзеяў, якія адбыліся ўвечары 10 студзеня і ўначы 11 студзеня ля будынку Кіева-Святошынскага суда і ля Святошынскага раённага аддзялення міліцыі ў Кіеве. Сфабрыкаваны на карысць сілавікоў відэаматэрыял паказалі на сустрэчы найвышэйшага кіраўніцтва міліцыі з замежнымі дыпламатам. Аўтары таксама выклалі сваё відэа на «YouTube» ад імя Міністэрства ўнутраных справаў.

Прычынаю масавай незадаволенасці стала рашэнне суддзі Юрыя Бурбелы, які на 6 гадоў адправіў у турму Ігара Масійчука, Сяргея Бэўза, а таксама Уладзіміра Скважыну за тое, што яны, нібыта, хацелі падарваць помнік Леніну. Суд назваў абвінавачаных «тэрарыстамі». Пасля абвяшчэння прысуду паміж прысутнымі на вуліцы і байцамі «Беркута» адбыліся сутыкненні.

У сваім відэасюжэце МУС выкарыстала запісы радыё «Свабода», газеты «День», расейскага канала 1Tv.Ru і іншыя. Відэакадры былі расстаўленыя ў вызначаным парадку і забяспечаныя адпаведнымі каментарамі пра тое, што мітынгоўцы пакалечылі працаўнікоў міліцыі. Аднак у сюжэт не трапілі запісы, як «Беркут» збіваў людзей (у шпіталь трапілі 17 чалавек), таму з яго незразумела, што агрэсія актывістаў была зваротнаю рэакцыяй на дзеянні міліцыі.

Пазней канфлікт працягнуўся побач са Святошынскім РАУСам. Сярод беркутаўцаў пазналі тых, хто браў удзел у крывавым разгоне Еўрамайдану 30 лістапада 2013 года. Як вядома, па факце збіцця людзей распачалі крымінальную справу, але цягам двух месяцаў ніводнага працаўніка «Беркута» не прыцягнулі ў якасці падазраванага.

Варта заўважыць, што суддзя Юрый Бурбела трапіў у рэанімацыю – пасля паседжання ў яго здарыўся інсульт. На сённяшні дзень суддзя застаецца ў цяжкім стане. Дактары паведамілі, што інсульт справакавала нервовае перанапружанне.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары