{movie}Чыноўнікі ведаюць лепш?|right|14231{/movie}
СЯРГЕЙ ЗАХАРЫЧ, БЫЛЫ ПРЫЁМНЫ БАЦЬКА:
“Яны забралі дзяцей сёмага, літаральна праз тры дні пасля нашага ад’езду. Хаця ўсе, у тым ліку і пракурор, матывуюцца тым, што я пакінуў дзяцей на два тыдні. На трэці дзень забралі дзяцей. Жонка ў гэты час хварэла – які сэнс мне быў ехаць, пакінуўшы жонку ва Украіне?”
Аднак у органах апекі лічаць, што прыёмнае бацькоўства нічым не розніцца ад іншай працы. А значыць, бацькоў проста не было на працоўным месцы, і пасля таго, як дзяцей забралі, з Сяргеем Захарычам разарвалі дамову. Сам ён лічыць усю справу чыноўніцкаю помстаю за тое, што занадта актыўна патрабаваў атрымання належнай дапамогі для дзетак.
СЯРГЕЙ ЗАХАРЫЧ, БЫЛЫ ПРЫЁМНЫ БАЦЬКА:
“Былі ў мяне канфлікты з аддзелам адукацыі, бо я для сваіх дзяцей дамагаўся пуцёвак у санаторый, якія ім былі патрэбныя, пасля дамагаўся кампенсацыі за лекі, якія я набываю для дзяцей”.
Натуральна, мы спрабавалі паразмаўляць і з кіраўніцай аддзелу адукацыі, прадстаўніцаю пераможнага боку на судзе. Запытаць: чаму пасля некалькі гадоў, праведзеных дзецьмі ў сям’і Захарычаў, з’явілася неабходнасць перадаць іх іншым людзям? Але аказалася, што журналістам яна таксама не давярае.
ЛАРЫСА АСАНОВІЧ, АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ ЧЭРВЕНЬСКАГА РАЁНУ:
“Бо лічу, што вы неаб’ектыўна ўсё роўна асвятляеце ўсю гэтую справу”.
«АБ’ЕКТЫЎ»:
“Адкуль вы ведаеце, аб’ектыўна ці не?”
ЛАРЫСА АСАНОВІЧ, АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ ЧЭРВЕНЬСКАГА РАЁНУ:
“Чытаю ў прэсе, у тым ліку на “Он-лайнэры”, аднабаковую пазіцыю Сяргея Захарыча. Дастаткова?”
«АБ’ЕКТЫЎ»:
“Падзяліцеся ж сваёй аб’ектыўнаю пазіцыяй”.
ЛАРЫСА АСАНОВІЧ, АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ ЧЭРВЕНЬСКАГА РАЁНУ:
“Давайце неяк іншым разам, я вельмі стамілася”.
Звычайна ж установы апекі не робяць праблемаў, калі дзеці застаюцца са сваякамі апекуноў. Але гэта, відаць, быў адзіны закід, які можна было ўжыць супраць Захарычаў. Яны не маюць дрэнных звычак, жывуць у асобным доме… Але чыноўнікі ў патрэбах дзяцей, відавочна, разбіраюцца лепей.
АЛЕГ БАКУЛІН, ГА «АБАРОНА ПРАВОЎ БАЦЬКОЎ І ДЗЯЦЕЙ»
“Органы апекі – гэта менавіта тая дзяржаўная сістэма, якая можа рабіць усё, што пажадае. Прычым цяжка іншым людзям неяк аб’ектыўна вывесці іх на чыстую ваду. Чаму? Бо ўсё будзе прыкрывацца адным словам толькі – “інтарэсы дзіцяці”.
Ці страта новых мамы і таты дый размеркаванне па некалькіх іншых прыёмных сем’ях, была ў інтарэсах гэтых дзяўчатак? На гэтае пытанне яны адказваюць самі ў лістах, што шлюць сям’і Захарычаў. А тым жа застаецца спадзявацца толькі на суд вышэйшай інстанцыі.
Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”