Цяжка хворы хлопчык Лукаш: «Мяне ўжо нічога не ўратуе. А так я хаця б магу дапамагаць іншым»


Дабрачынная акцыя «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» («Wielka orkiestra świątecznej pomocy»), якая ўчора прайшла па ўсёй Польшчы, сабрала $ 11,5 млн. Да акцыі далучаліся школьнікі, студэнты, пажарнікі, вайскоўцы ды проста неабыякавыя людзі.

Штогадовая акцыя «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» збірае грошы на медычнае абсталяванне для шпіталяў, дзе лечаць цяжка хворых дзяцей. У акцыі прымае ўдзел ледзь не кожны другі паляк.

Учора на вуліцах польскіх гарадоў і мястэчак можна было сустрэць сотні валанцёраў з адмысловымі скарбонкамі, у якія мінакі кідаюць, хто колькі зможа. Кожны, хто зрабіў свой унёсак у добрую справу, атрымаў налепку ў выглядзе чырвонага сэрца.

У выніку акцыі на дапамогу дзіцячым шпіталям і дамам састарэлых сабралі прыблізна $ 11,5 млн.

У акцыі прымалі ўдзел і тыя, хто яшчэ некалькі месяцаў таму ляжаў у гэтых шпіталях. Напрыклад, 10-гадовы Лукаш. «Я вельмі рады і шчаслівы, што зноў магу хадзіць», – прызнаўся ён у эфіры польскага тэлеканалу Tvn24.pl. Лукаш цяжка хворы, але яго вялікаю мараю было стаць валанцёрам дабрачыннае акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі». Хлопчык з нараджэння змагаецца з хваробаю. «Мяне ўжо нічога не ўратуе. А так я хаця б магу дапамагаць іншым», – зазначыў Лукаш.

Традыцыю праводзіць агульнанацыянальную дабрачынную акцыю запачаткавалі ў 1993 годзе.

У акцыі заўсёды прымаюць удзел вядомыя ў Польшчы ды за мяжою мастакі, музыкі, журналісты і, вядома, польскія палітыкі. Сярод іх – і прэм’ер Польшчы Дональд Туск (Donald Tusk).
Zrzut ekranu 2014-01-13 o 11.17.00

Ён выставіў на аўкцыён кашульку гульца «Арсеналу», якую яму падараваў кіраўнік брытанскага ўраду Дэйвід Кэмэран (David Cameron). Грошы, натуральна, пойдуць у скарбонку «Вялікага аркестру святочнай дапамогі».

{movie}Салют на варшаўскім канцэрце «Вялікага аркестра святочнай дапамогі»|right|14211{/movie}

ЮВ, паводле tvn24.pl

Глядзі таксама
Каментары