Нябожчыка абвінавацілі ў крадзяжы $ 150 млн


Юрыст фонду «Hermitage Capital» Сяргей Магніцкі, які памёр у 2009 годзе ў маскоўскім СІЗА, стаў фігурантам яшчэ адной крымінальнай справы.
Гэтым разам спадара Магніцкага абвінавацілі ў крадзяжы. Пра гэта 13 студзеня паведамляе «Интерфакс» са спасылкаю на прэс-службу інвестфонду. У МУС інфармацыю пра новую справу пакуль не пракаментавалі, піша Lenta.ru.
Калі менавіта распачалі справу, не ўдакладняюць. Паводле звестак агенцтва, маці Магніцкага ўжо паспрабавала абскардзіць яго ў Цвярскім судзе сталіцы. Аднак скаргу Наталлі Магніцкай пакінулі без задавальнення. Акрамя таго, суддзя не дазволіла сваякам памерлага юрыста азнаёміцца з матэрыяламі справы.
Маці Магніцкага заявіла, што новыя абвінавачанні ў дачыненні ейнага сына ёсць «абмоваю і помстай уплывовых асобаў, якім ён супрацьстаяў у іхнай злачыннай дзейнасці».
Першую крымінальную справу ў дачыненні Магніцкага расейскія праваахоўныя органы распачалі ў 2008 годзе. Тады яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на Rur 500 млн. У межах гэтае справы юрыста змясцілі ў следчы ізалятар «Матроская цішыня», дзе ён памёр у лістападзе 2009 года.
Першую справу Магніцкага прыпынілі ў сувязі з ягонаю смерцю. У 2011 годзе на патрабаванне Генеральнай пракуратуры следства аднавілі. У выніку летам 2013-га Цвярскі суд прызнаў Магніцкага вінаватым пасмяротна. Сваякі юрыста настойвалі на незаконнасці суда. Іхныя адвакаты сцвярджалі: згодна з заканадаўствам памерлых можна судзіць альбо на патрабаванне сваякоў, альбо з мэтай іхнае рэабілітацыі. Расейскі суд праігнараваў патрабаванні.
Азначым, што Кангрэс ЗША ў сувязі са справаю Сяргея Магніцкага, склаў «спіс Магніцкага», у які ўвайшлі расейскія чыноўнікі, якія маглі быць датычныя да смерці расейскага юрыста.
ЮВ, паводле lenta.ru
Стужка навінаў