Анатоля Лябедзьку затрымалі


Паводле звестак прэс-службы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, палітык выйшаў з дому прыкладна а 10:40 і накіраваўся ў гаражны кааператыў па аўтамабіль. Праз 15 хвілінаў у ягоную кватэру пазванілі праз дамафон і мужчынскі голас паведаміў жонцы Лябедзькі пра ягонае затрыманне.

Родныя палітыка накіраваліся ў Цэнтральны РУУС, бо ён пражывае і знік на тэрыторыі Цэнтральнага раёну. Аднак у РУУС сказалі, што Лябедзькі ў іх няма. Пра гэта ж заявілі і праз тэлефон у дзяжурнай частцы Цэнтральнага РУУС.

Працаўнік ГУУС Менгарвыканкаму растлумачыў, што асобу вязуць у тое аддзяленне, міліцыянты якога ажыццявілі затрыманне. Агульнай базы затрыманых няма. Паводле яго, інфармацыю, ці застаецца чалавек у РУУС, працaўнікі абавязаныя паведамляць толькі блізкім сваякам пасля падавання дакументаў, то бок тым, хто прыбыў у РУУС асабіста.

Цяпер мабільны тэлефон Лябедзькі працуе, аднак на званкі ён не адказвае.

Прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна паведаміла, што жонка Лябедзькі Святлана цяпер піша заяву аб прапажы чалавека, якую падасць у ГУУС.

Сёння а 12:00 каля сталічнага Камароўскага рынку Лябедзька меў намер зноў збіраць подпісы на падтрыманне адмены аўтападатку і адстаўкі ўраду. Тыдзень таму Лябедзька, а таксама сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карнеенка таксама каля Камароўскага рынку збіралі подпісы. Пры гэтым за іхнымі дзеяннямі назірала беспрэцэдэнтная колькасць міліцыянтаў і спецслужбоўцаў, якія, аднак, не перашкаджалі. Не менш за 10 чалавек у цывільным увесь час суправаджалі Лябедзьку і Карнеенку, частка з іх бесперапынна вяла відэаздымкі, а на прылеглых вуліцах дзяжурылі аўты ДАІ ды было некалькі міліцэйскіх аўтобусаў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў