Яшчэ адна смерць у ізалятары


50-гадовы жыхар Віцебску, якога трымалі пад арыштам, раптоўна памёр у ізалятары часовага ўтрымання.

Праваабарончая арганізацыя «Платформ Інавэйшн» паведамляе, што мужчыну пасля «п’янага» сямейнага скандалу затрымалі міліцыянты і адвезлі яго ў выцвярэзнік. Перад гэтым яго агледзелі медпрацаўнікі, якія праблемаў са здароўем, акрамя стану алкагольнага ап’янення, у парушальніка не выявілі. Пасля перабывання ў выцвярэзніку мужчыну яшчэ раз агледзелі медыкі: скаргаў на дрэннае самаадчуванне ад яго не было, і да разгляду справы аб адміністратыўным правапарушэнні яго перавялі ў ізалятар.

29 снежня арыштаваны адчуў сябе дрэнна, яму выклікалі хуткую дапамогу. Да прыезду лекараў мужчыну аказалі першую дапамогу медпрацаўнікі ІЧУ, аднак «хуткая» па прыездзе канстатавала смерць.

Як паведамляе «Платформ Інавэйшн», цяпер цела мужчыны застаецца ў аддзяленні судова-медычнай экспертызы Віцебску. Бачных пашкоджанняў і прыкметаў гвалтоўнае смерці на целе памерлага не выявілі, прычыну смерці ўстанаўліваюць.

Па факце смерці затрыманага праводзяць правяранне.

Улетку 2013 года ў менскім ізалятары № 1 памёр 21-гадовы Ігар Пцічкін, якога асудзілі за кіраванне аўтам без правоў. Родныя Пцічкіна сцвярджаюць, што хлапца катавалі і не аказалі медычнае дапамогі, праз што ён памёр.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў