Беларускі «чызкейк»


Крылы не дапамаглі скарыць беларускі музычны алімп Аляксандру Саладуху, а гледачы – Максу Лорэнсу з Дзідзюлем… На сёлетняе “Еўрабачанне” паедзе са сваім піражком Юрый Вашчук пад псеўданімам Тэа.

{movie}Беларускі «чызкейк»|right|14200{/movie}

У выніку cмс-галасавання гледачоў, Тэа з песняю “Cheesecake” заняў толькі трэцяе месца. Лідарам жа быў дуэт Макса Лорэнса і Валерыя Дзідзюлі з баладаю “Now you’re gone”. Аднак журы пастанавіла адправіць на конкурс у Капэнгаген Юрыя Вашчука. Навошта было тады ладзіць галасаванне – невядома. Але заўзець за свайго беларусы ўсё роўна будуць.

МІНАКІ:
“Спадабаўся Тэа – кобрынец. Мы таксама з Кобрынскага раёну, таму за яго заўзелі. Дый творчасць ягоная падабаецца, як спявае, як танчыць. Поспеху яму і перамогі на «Еўрабачанні»!”
“Мы ўлучылі і якраз абвяшчалі нумар Тэа. Адзінае, што спадабалася, – гэта тое, што гэта чалавек, які сам штосьці робіць”.

Адмыслоўцы ж звяртаюць увагу на тое, што вылучыць кагосьці было цяжка. Бо цяжка было… увогуле заўважыць.

ГЛЕБ ЛАБАДЗЕНКА, ЖУРНАЛІСТ, ПАЭТ-ПЕСЕННІК:
“Такія песні можна пачуць у кавярнях, у рэстарацыях ці проста на еўрапейскіх вуліцах. І я стаў узгадваць мінулых пераможцаў “Еўрабачання” – гэта ўсё былі незвычайныя песні, якія я магу нават без слыху наспяваць і сёння. Песні Тэа я паўтарыць не магу, хоць праслухаў яе ўчора ўвечары два разы”.

Увогуле, куды больш раскручанай інтрыгай, чымся тое, хто будзе рэпрэзентоўваць Беларусь на “Еўрабачанні”, стаў шэраг відэа з патрыярхам беларускай эстрады Аляксандрам Саладухам. У іх ён намякаў, што споўніць мары сваіх фанатаў і з’явіцца ў фінале адборачнага конкурсу. І гэтае абяцанне выклікала сапраўды вялікія эмоцыі.

МІНАКІ:
“Не, не паслала б Саладуху”.
“А я б паслаў!”
“Ён запамінальны выканаўца, можа б, і адправіў яго, але агулам мяркую, што “Еўрабачанне” – трохі іншага жанру”.
“У прынцыпе, як адзіны гэткі мастадонт нашай беларускай эстрады, – то так. Я думаю, ён мусіць, хоць раз туды трапіць”.

І Саладуха сапраўды з’явіўся ў фінале, але, на жаль, не ў якасці канкурсанта. Можа, усё ж такі дарма?

ГЛЕБ ЛАБАДЗЕНКА, ЖУРНАЛІСТ, ПАЭТ-ПЕСЕННІК
“Я б адправіў Саладуху, таму, што агульнаму нашаму карнавалу Аляксандр Саладуха адпавядае найлепш. І калі Верка Сярдзючка, здаецца, другое месца заняла, ці якое, будучы на “Еўрабачанні”, Саладуху я стаўлю праз коску. Думаю, ён бы меў значна большыя шанцы ў белым скураным касцюме”.

Пакуль жа застаецца спадзявацца, што журы “Еўрабачання” беларускі “чызкейк” гэтаксама прыйдзецца даспадобы. І, што, як і іхныя беларускія калегі, яны заўважаць яго сярод шматлікіх падобных выканаўцаў.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў