Праграма «Людскія справы»: чым жывуць беларусы «за кальцавой»


«Беларусы скупаюць валюту – гэта першыя прыкметы крызісу, гэтак пішуць у незалежных СМІ. Але да шараговага беларуса крызіс падыходзіць зусім па-іншаму. Напрыклад, дзяцей няма як выправіць на вучобу», – гаворыць журналіст і вядоўца праграмы «Людскія справы» Алесь Залеўскі. Ягоны новы тэлепраект паказвае тое, чым жывуць беларускія вёскі і малыя мястэчкі. Прэм’ера – у нядзелю на «Белсаце».

{movie}Праграма «Людскія справы»: чым жывуць беларусы «за кальцавой»|right|14190{/movie}

Пра тое, якой будзе праграма «Людскія справы», Алесь Залеўскі распавёў у «Гарачым каментары»: «Да беларусаў прыходзіць разуменне, што надышоў час браць лёс у свае рукі».

Цяпер журналіст, вядомы нашым гледачам з навінаў і праграмы «Рэпартаж Залеўскага», будзе не толькі здымаць рэпартажы, але і абмяркоўваць у студыі праблему з экспертамі ды ўдзельнікамі падзеі пасля супольнага прагляду.

Госць праграмы падзяліўся сваймі ўражаннямі ад таго, што можна пабачыць «за кальцавою», куды журналісты агульнанацыянальных медыяў выязджаюць нячаста. Глыбокі крызіс, нізкія заробкі і безнадзея – вось вынікі апошніх гадоў праўлення Лукашэнкі. «Такі ўпадак і такая «яма» – і гэта па ўсёй Беларусі, не залежыць, Захад гэта ці Усход. Нават тыя мястэчкі, куды ўкладаюцца дзяржаўныя грошы, робяцца аграгарадкі, – бедныя. Мястэчкі, што нядаўна былі гонарам і прыкладам лукашэнкаўскай «сацыяльна-арыентаванай» эканомікі, – таксама «яма». Засталася толькі гэтая плітка і пафарбаваныя платы».

Адна з праблемаў, якую будуць уздымаць у найбліжэйшым выданні праграмы «Людскія справы», – «вайна» дзяржавы з чумою свінняў. Ахвярамі гэтай вайны нярэдка становяцца звычайныя сяляне. Аднак ёсць сярод беларусаў і тыя, хто знайшоў сілы супрацьстаяць беззаконню і бязмежжу мясцовых уладаў.

Глядзіце праграму «Людскія справы» на «Белсаце» у нядзелю а 19:15. У панядзелак выданне будзе даступнае на Belsat.eu

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў