Горадня: улады прыйшлі на сустрэчу з дактарамі «хуткай» (ДАПОЎНЕНА)


Лекары хуткай дапамогі Горадні пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй аб паляпшэнні ўмоваў працы ды павышэнні заробку. На сёння падпісаліся 68 асобаў. Кіраўніцтва станцыі хуткай дапамогі ды прадстаўнікі абласной і гарадской уладаў сустрэліся з дактарамі, каб абмеркаваць праблемныя пытанні.

Паводле кіраўніцтва станцыі хуткай дапамогі ды чыноўнікаў, яны даведаліся пра актыўнасць гарадзенскіх дактароў з інтэрнэту. Аднак самыя працаўнікі сцвярджаюць, што прыходзілі да кіраўніцтва станцыі хуткай дапамогі.

Малы пакой сабраў больш за сотню медыкаў. Дактары ды фельчары ўзнялі набалелыя пытанні пра жытло, заробкі, уплыў колькасці шпіталізаваных на заробак, брак кадраў, бяспеку працаўнікоў, адказнасць фельчараў за здароўе пацыента.

На пытанні медыкаў адказвалі кіраўнік упраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак, намесніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша, старшыня абласнога камітэту прафсаюзаў Таццяна Гальцава, галоўны доктар станцыі хуткай медычнай дапамогі Аляксандр Байгін. Сустрэча цягнулася больш за дзве гадзіны.

Як распавёў Андрэй Стрыжак, ён сустракаўся са старшынёю аблвыканкаму Уладзімірам Краўцовым, які пагадзіўся, што патрабаванні ў лісце адэкватныя і сапраўды ёсць праблемы, якія неабходна развязваць.

Большасць пытанняў упіраецца ў фінансаванне

Медыкам неабходныя і новыя рацыі праз састарэласць існых. Узнялі пытанне пра «зімовую гуму» на колах, якую дасюль не «абулі» на машыны. Пытанне зноў уткнулася ў сродкі, якія кіраўніцтва «будзе спрабаваць шукаць».

Найбольш цяжкім пытаннем засталося павышэнне лекарскага заробку. У петыцыі медыкі просяць павялічыць яго мінімум удвая. Андрэй Стрыжак патлумачыў, што гэта пытанне актуальнае ўжо доўгі час. Але ж павысіць заробак медыкам на 20 % летась не атрымалася. Афіцыйна сярэдні заробак медыкаў «хуткай» складае Br 5,1 млн, хаця самыя лекары кажуць пра Br 3,5 млн. Зоя Кулеша нагадала, што павышэння заробку патрабуюць і працаўнікі іншых сфераў. Гэтак, нядаўна «азотаўскія» дзіцячыя садкі сталі гарадскою ўласнасцю, і заробкі выхавацеляў рэзка паменшыліся. Цяпер там моцная нястача кадраў. «А вас пакуль шмат», – зазначыў спадар Стрыжак адносна медыкаў.

Лекары таксама просяць вылучыць інтэрнат тым, хто мае патрэбу ў жытле, або паспрыяць атрыманню кватэры, хоць бы ў арэндным доме. На гэта кіраўніцтва станцыі можа паспрыяць хадайніцтвам, але толькі калі працаўнік сам знойдзе сабе месца ў інтэрнаце іншай арганізацыі. Зоя Кулеша патлумачыла, што існуе чарга з педагогаў, медыкаў і працаўнікоў культуры. Ім прапаноўваюць месцы ў інтэрнатах «з ненайлепшымі ўмовамі» ў прапорцыі 4:2:1 адпаведна. Сёлета два настаўнікі ўжо атрымалі такое жытло. 100-кватэрны дом, які пабудавалі для медыкаў прыблізна 5 гадоў таму, таксама не забяспечыў патрэбаў. Пакуль кіраўнікі не адказалі, ці будуць медпрацаўнікам прапаноўваць кватэры ў арэндных дамах. Фінансавае падтрыманне тых, хто афіцыйна здымае пакой або кватэру, складае згодна з калектыўнаю дамоваю Br 130 тыс. пры коштах $ 200–250 за кватэру.

Яшчэ адным «матэрыяльным» пытаннем ёсць паляпшэнне базы брыгады хуткай дапамогі. Гарадзенскія падстанцыі хуткай дапамогі застаюцца ў кепскім стане. Спадар Стрыжак выказаў пажаданне пусціць станцыю на вуліцы Лялевеля пад бульдозер. Новаю можа стаць станцыя пералівання крыві, якую яшчэ не дабудавалі. У іншай падстанцыі на вуліцы Карбышава ідзе рэканструкцыя. Яшчэ дзве застаюцца ў здавальняльным стане. Медыкам неабходныя і новыя рацыі праз састарэласць існых. Узнялі пытанне пра «зімовую гуму» на колах, якую дасюль не «абулі» на машыны. Пытанне зноў уткнулася ў сродкі, якія кіраўніцтва «будзе спрабаваць шукаць».



Адзін з першых пунктаў петыцыі гаворыць пра страхаванне ад няшчаснага выпадку падчас працы на сумы, якія дазваляюць правесці паўнавартаснае лячэнне і рэабілітацыю ці пакрыюць шкоду сваякам у выпадку смерці працаўнікоў хуткай медычнай дапамогі. Спадар Стрыжак адзначыў, што Белдзяржстрах можа застрахаваць працаўнікоў ужо на наступным тыдні.

Начальнік аховы здароўя не змог адказаць, ці медыкаў «хуткай» трэба забяспечыць такімі ж сацыяльнымі гарантыямі, як вайскоўцаў і ратавальнікаў. Але ж нагадаў, што і яны могуць ісці на пенсію раней, чымся большасць насельніцтва: мужчыны – з 55 гадоў, жанчыны – з 50.

На просьбу стварыць у рэгіёнах навучальныя базы для рэгулярнага ўдасканалення практычных навыкаў усіх працаўнікоў, Андрэй Стрыжак выказаў меркаванне, што кіраўніцтва медычнага каледжу і станцыі хуткай дапамогі будзе не супраць, каб адпрацоўваць прафесійныя навыкі на іхнае базе.

Забараніць працаваць па адным работніку ў брыгадзе лекары просяць дзеля павышэння якасці і хуткасці дапамогі пацыенту ды бяспекі самых медыкаў. Тым больш, што самастойна на выклік выязджаюць не толькі дактары, але і фельчары. Калі раней фельчару дапамагаў санітар, то цяпер часта разлічваць прыходзіцца толькі на свае сілы ды на кіроўцу. Развязанне пытання кіраўніцтва бачыць у тым, што з верасня брыгады «хуткай» павялічацца на 12 маладых адмыслоўцаў, а ў 2015-м – яшчэ на 18.

Блізкім пытаннем ёсць і ўплыў на заробак колькасці шпіталізаваных. Літаральна ўчора, каб выканаць норму і атрымаць надбаўку, колькасць была зніжана з 70 % да 65 %. Фельчары выказваюць прапанову паменшыць яе хаця б да 50 %, патлумачыўшы, што яны абмежаваныя ў функцыях, і, напрыклад, не могуць на месцы ўзяць аналізаў і дакладна паставіць дыягназ, каб вызначыць, ці везці хворага ў шпіталь. Калі ж дзеля здароўя пацыента яны перастрахоўваюцца ды забіраюць яго з сабою, а паказанняў да шпіталізацыі не выявяць, то фельчар траціць сваю надбаўку да заробку на квартал.

Ці будуць рэпрэсаваць падпісантаў?

На адкрытае пытанне, ці будуць праявы рэпрэсіі ў адносінах да падпісантаў петыцыі, спадар Стрыжак адказаў, што ён гэтым займацца не будзе, але яго больш цікавіць якаснае прафесійнае выкананне абавязкаў дактарамі. І калі тут будуць памылкі, то магчымае пакаранне, якое б начальнік кіраўнік аховы здароўя вобласці не хацеў звязваць з тым, падпісаўся медык пад петыцыяй або не.

Часам на адказы кіраўніцтва было чутно абурэнне медыкаў ці смех. Падчас размовы з пакою паступова выйшла прыблізна траціна ўдзельнікаў сустрэчы.

На меркаванне лекараў, яны пакуль не атрымалі канкрэтных адказаў на свае пытанні. Спадар Стрыжак паабяцаў паўторна абмеркаваць пытанні са старшынёю гарвыканкаму і сустрэцца з працаўнікамі «хуткай» праз тыдзень.

Марына Юзэфовіч, belsat.eu

Стужка навінаў