Зніжкі па-беларуску: добра, але мала і малыя


Беларускае – не значыць таннае. На заклік купляць айчыннае беларусы масава адгукнуліся толькі тады, калі на тавары абвесцілі паніжэнне коштаў. Адзіны дзень зніжак летась прайшоў тройчы. Цяпер жа чыноўнікі падвялі вынікі акцыяў. І выявілася, што крамы за гэтыя дні павялічылі выручку ўдвая. Чаму ж узаемна выгадныя сезонныя распродажы не становяцца нормаю?

Усе любяць Новы год – час неспадзяванак і падарункаў. А яшчэ прыемней набываць падарункі са зніжкамі: радаваць іншага, не моцна ўдараючы пры гэтым па ўласным бюджэце. Упершыню такую магчымасць атрымалі жыхары сталіцы і некаторых рэгіёнаў.

{movie}Зніжкі па-беларуску: добра, але мала і малыя|right|14181{/movie}

АРТУР КАРПОВІЧ, ПЕРШЫ НАМЕСНІК МІНІСТРА ГАНДЛЮ:

“Упершыню 24 лістапада, 15 і 22 снежня ў сталічных ГУМе, ЦУМе, гандлёвым доме “На Нямізе”, універмагу “Беларусь” давалася зніжка 15 % ад дзейных коштаў на ўсе нехарчовыя тавары”.

Але, для прыкладу, у Магілёве толькі на 12 %. У сталіцы на шмат якія тавары зніжкі засталіся дагэтуль, але яны не перавышаюць і 10 %.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Я лічу, што іх практычна няма, бо кошты тыя ж самыя: іх павышаюць, і нібыта нейкія зніжкі ёсць, але ў асноўным іх няма”.

“Невялікая зніжка, скажам так. Калі 30, 40 % – цікава”.

“10 % – гэта ж не распродаж. Распродаж – гэта 50 %. Усё астатняе – гэта проста нацэнка здымаецца, і тое нават не цалкам”.

І такое меркаванне зразумелае. Бо на і Захадзе, і на Усходзе, і ў паўночных, і ў паўднёвых суседзяў у перадсвяточны час зніжкі дасягаюць 70 %. Нам жа пра такія застаецца толькі марыць. Але прычына зусім не ў скупасці беларускіх крамаў. Яны папросту абмежаваныя ў прыняцці такіх рашэнняў.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

“Любая ініцыятыва ў гэтым кірунку можа быць расцэненая як нейкае такое жаданне нагрэць рукі на нечым. І таму ў дзяржаўных крамах гэта можа рабіцца толькі на загад вышэйшай установы: калі не Мясніковіча, дык Міністэрства гандлю”.

Да таго ж загад гэты закрануў толькі нехарчовыя тавары. Бо прадукты, як тлумачаць эканамісты, праз вялікі сабекошт і малую пакупніцкую здольнасць і так прадаюць без вялікіх нацэнак. Прадаваць іх яшчэ танней – несці страты.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

“Таму яны шукаюць нейкага іншага выйсця. Падчас і на мяжы Крымінальнага кодэксу, але гэта іх выбар. Тыя, што працуюць сумленна, так не робяць”.



Але такіх сумленных аказалася толькі 4 %! У 96 % крамаў, якія цягам шасці месяцаў правярала гандлёвая інспекцыя, выявілі парушэнні. У апошнія ж тыдні года пад пазапланавую праверку трапілі гандлёвыя пункты дзяржаўных птушкафабрыкаў.

АРТУР КАРПОВІЧ, ПЕРШЫ НАМЕСНІК МІНІСТРА ГАНДЛЮ:

“Асабліва засмучае: у 25 крамах з 29 знаходзіўся тавар з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці”.

А гэта значыць, што праз спажыванне няякасных прадуктаў шмат для каго святочныя вячэры маглі мець не радасныя наступствы. Але знізіць кошт і гэтак своечасова прадаць тавар крамы не могуць. Няма волі ды магчымасці. Волі кіраўніцтва краіны даць крамам магчымасць самастойна прымаць рашэнні, выгадныя і пакупнікам і прадаўцам.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў