Больш за 100 адвакатаў заступіліся за калегу, арыштаванага за ўдзел у Еўрамайдане


Адвакаты звярнуліся да кіраўніка Нацыянальнай асацыяцыі адвакатаў Украіны з патрабаваннем неадкладна адрэагаваць на незаконнае затрыманне і арышт свайго калегі – Віктара Смалія.

9 снежня адваката Смалія затрымалі працаўнікі Упраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю, бо ён нібыта пагражаў суддзі падчас працэсу над затрыманым за ўдзел у пратэстах Еўрамайдану журналістам ініцыятывы «Дарожны кантроль» Андрэем Дзындзем.



Пасля таго, як суддзя Шаўчэнкаўскага суда Кіева Уладзімір Бугіль зачытаў прысуд аб арышце Дзындзі, у зале суда пачалася патасоўка народных дэпутатаў з работнікамі міліцыі. Пазней Бугіль напісаў заяву, што нібыта Смалій яму пагражаў і парваў мантыю.



Міліцыя затрымала адваката без санкцыі суда, прадугледжанай у гэтым выпадку паводле ўкраінскага заканадаўства, а праз 2 дні Смалія адправілі ў тое ж СІЗА, куды папярэдне змясцілі ягонага падабароннага Андрэя Дзындзю.

Не разабраўшыся ў сітуацыі, кіраўнік Нацыянальнай асацыяцыі адвакатаў Украіны Лідзія Ізавітава прыехала ў Шаўчэнкаўскі суд і асабіста прынесла прабачэнне суддзі Бугілю «ад усёй адвакацкай супольнасці Украіны». Аднак самі адвакаты не ўпаўнаважвалі Ізавітаву рабіць такія заявы. Пры гэтым кіраўнік асацыяцыі ніяк не адрэагавала на тое, што міліцыянты з парушэннямі затрымалі адваката Смалія, а пазней змясцілі яго за краты.

Згодна з украінскім заканадаўствам, хадайнічаць у судзе аб арышце адваката можа толькі генеральны пракурор, ягоны намеснік, абласны пракурор ці пракурор Кіева. У сітуацыі са Смаліем хадайніцтва падаў звычайны следчы, а суддзя Дняпроўскага райсуда Кіева яго задаволіла.

19 снежня ўкраінскія юрысты выйшлі на Еўрамайдан, каб выказаць сваё падтрыманне Віктару Смалію, і заявілі пра пачатак рэпрэсіяў у дачыненні юрыстаў за абарону палітвязняў. «Нас фактычна пазбаўляюць права на прафесію. І калі мы не будзем адзінымі, калі мы не абаронім сваіх правоў, не выкарыстаем сваіх ведаў ды не прымусім уладу і апазіцыю прыслухоўвацца да нашых парадаў, нічога ў прававым полі ва Украіне не зменіцца», – заявілі тады адвакаты.

У сваім звароце да Ізавітавай праваабаронцы патрабуюць неадкладна звярнуцца ад імя асацыяцыі ў Найвышэйшую кваліфікацыйную камісію з просьбаю прыцягнуць суддзю, якая дала дазвол на арышт Смалія, да дысцыплінарнай адказнасці ды падаць у Генеральную пракуратуру Украіны заяву аб здзяйсненні злачынства работнікамі міліцыі, якія незаконна затрымалі ды збілі адваката.

Як адзначыла абаронца адваката Смалія – Аліса Дарагая, работнікі пракуратуры, спасылаючыся на заяву Лідзіі Ізавітавай, неаднаразова адзначалі, што Віктара Смалія «не падтрымлівае нават Нацыянальная асацыяцыя». «Сваім зваротам адвакаты хочуць даць зразумець, што заява Ізавітавай – гэта не пазіцыя ўсіх адвакатаў Украіны, а сотні юрыстаў якраз падтрымліваюць Смалія і патрабуюць яго вызвалення», – адзначыла Дарагая.

Расціслаў Шапашнікаў для belsat.eu

Стужка навінаў