Рэпартаж «Рэвалюцыя он-лайн» + трэйлер.


Мільёны гледачоў зацята сочаць, што адбываецца на Майдане. Частка з-за манітораў выходзіць у рэал на барыкады, частка застаецца заўзець перад кампутарамі ды тэлевізарамі. Рэвалюцыя адбываецца у он-лайне дзякуючы журналістам – прафесіяналам, аматарам, блогерам ды іншым. Як выглядае іхная праца, глядзіце ў рэпартажы Сяргея Пелясы

Чаму мы вырашылі паказаць украінскі пратэст менавіта такім чынам? Таму што з моманту ўзнікнення медыяў аўтарытарныя ўладары заўсёды стараліся маніпуляваць грамадскаю думкаю праз сродкі масавай інфармацыі.

З развіццём тэхналогіяў, незалежных СМІ і павышэннем грамадзянскай актыўнасці падмануць людзей становіцца ўсё цяжэй. І падзеі ў Кіеве таму яскравае падцверджанне.

Сучасныя медыятэхналогіі: бяздротавы доступ у інтэрнэт, мікракамеры, смартфоны ды таблеты – дазваляюць паведаміць пра падзеі ў Кіеве наўпрост з Еўрамайдану амаль імгненна: з’яўляюцца смелыя відэа і фотакадры, тэкставыя паведамленні, якія адразу ж тыражуюцца тэлебачаннем, сайтамі, у «Twitter’ы» ды «Facebook’у».

Сярод герояў журналісты «Белсату»: Юрась Высоцкі з інтэрнэт-рэдакцыі belsat.eu і аператар інфармацыйнай службы тэлеканалу Алесь Баразенка, cтваральнікі «Спільнобачення» – аматарскага інтэрнэт-тэлебачання, што ад першага дня пратэстаў паказвае падзеі на ўвесь свет а таксама Мустафа Наем з «Громадське телебачення» і «Української правди».

Менавіта ён адным з першых у фэйсбуку запрасіў людзей выйсці на Майдан 21 лістапада 2013 г. Праз пару гадзінаў на плошчы стаялі першыя некалькі сотняў пратэстоўцаў. Цяпер Мустафа на «Громадське телебачення» вядзе жывы эфір, але не толькі са студыі. Раз на некалькі дзён ён з айпадам у руцэ выходзіць апоўначы на Майдан на «Начную варту». Цягам трох гадзінаў он-лайн знаёміць з пратэстоўцамі, задае пытанні, падтрымлівае стомленых людзей. Сустрэча з ім цягам некалькіх хвілінаў пераўтвараецца ў сапраўднае ток-шоў пад адкрытым небам, дзе кожны мае права голасу і кожнага выслухаюць. А пабачаць гэта тысячы людзей у інтэрнэце.

Як перамагчы ў інфармацыйнай вайне з уладай? Як працуюць украінскія і беларускія незалежныя тэлежурналісты? На чым трымаецца ўкраінскі пратэст? Усё гэта ў рэпартажы Сяргея Пелясы і Сяргея Марчыка «Рэвалюцыя он-лайн»

belsat.eu



Стужка навінаў