Літва рыхтуе еўраордары на арышт 79 беларусаў, украінцаў і расейцаў


Адзін з галоўных падазраваных у справе аб забойствах мірных грамадзянаў у 1991 годзе – генерал Уладзімір Усхопчык, які цяпер хаваецца ў Беларусі.

Генеральная пракуратура Літвы сканчае рыхтаваць еўрапейскія ордары на арышт 79 асобаў. Падазраваныя – грамадзяне Беларусі, Расеі ды Украіны, якія ў 1991 годзе займалі высокія пасады ў Камуністычнай партыі, Міністэрстве абароны і спецслужбах, паведамляе delfi.lt.

Іх вінавацяць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу – у сувязі з магчымым парушэннем міжнароднага права: забароненым абыходжаннем з людзьмі, забойствам асобаў, якія перабываюць пад аховаю міжнароднага гуманітарнага права, нанясеннем калецтваў, выкарыстаннем забароненай вайсковай атакі супраць цывільных асобаў і забароненых вайсковых захадаў. За гэтыя злачынствы прадугледжваецца пажыццёвае пазбаўленне волі.

Сярод падазраваных – генерал Уладзімір Усхопчык, які у той час быў камандзірам 107-й мотастралковай дывізіі Савецкай арміі ды начальнікам Віленскага гарнізону. З 1991 года генерал жыве ў Беларусі ды нават займаў пасаду намесніка міністра абароны. Афіцыйны Менск адмаўляецца выдаваць яго праваахоўным органам Літвы.

Уначы 13 студзеня 1991 года падчас штурму савецкімі вайсковымі падраздзяленнямі Віленскай тэлевежы і будынку Тэлерадыёкамітэту загінулі 14 чалавек. 31 ліпеня таго ж года на мытным пасту Мядзінінкай забілі сямёра працаўнікоў паліцыі ды мытні, якія ахоўвалі мяжу тады яшчэ не прызнаванай Савецкім Саюзам Літоўскай дзяржавы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў