Артур Вакараў: Мы штодня крыўдзім сур’ёзных людзей


Каларадскія жукі-патрыёты, Скарына – «рэальны мажор», Леанарда да Вінчы ў берэце Чэ Гевары. Як нараджаюцца «адлігаўскія» шэдэўры? У гасцях праграмы «Размова Жбанкова» – крэатыўны дырэктар студыі «Адліга» Артур Вакараў.

{movie}Артур Вакараў у “Размове Жбанкова”|right|14168{/movie}

Шмат якія працы студыі «Адліга» – гэта выклік людзям, што жывуць супрацівам. Артур Вакараў гаворыць, што ягоная студыя не баіцца пакрыўдзіць тых, з кім варта было б сябраваць. «Мы штодзённа крыўдзім сур’ёзных людзей. Гэта таму, што мы несур’ёзныя. І сур’ёзнасць – гэта дыягназ, мы тут нічога не можам змяніць. Прадаваць простыя рашэнні? Мы ўжо старыя, нам гэта нецікава. Прадаваць бел-чырвона-белае і Пагоню наўпрост, «у лоб» – гэта не нашая ніша, гэтым займаюцца маладыя. А хтосьці гэта носіць, ганарыцца і дзякуй Богу. Для мяне цікавей – эксперыментаваць, мне больш цікавыя метафары, гіпербалы, асацыяцыі», – гаворыць госць праграмы.

Артур Вакараў прызнаўся, што ягоная каманда «зарабляе да смешнага мала для 40-гадовых мужыкоў». «Мы трымаемся толькі за кошт таго рэзанансу, які выклікаюць нашыя працы. Мы працуем для меншасці, бо да большасці нас проста не пусцяць», – дадаў ён.

«Я працую не «за» і не «супраць». Я проста выварочваю гэты трэш, і ніякіх новых вобразаў і штампаў мы не ўводзім. Нам цікава працаваць з добра распіяранымі штампамі. Ці гэта будзе дзяржідэалогія, ці поп-культура. Зрабіць з дарагога – таннае, з сур’ёзнага – шпаноўскае, са страшнага – смешнае», – распавядае Артур Вакараў.

Інтэрв’ю з Артурам Вакаравым глядзіце ў «Размове Жбанкова»!

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў