Каму трэба «паслухмяны» Януковіч, або як Украіна пачала нагадваць Беларусь


Пратэсты на Еўрамайдане – новая спроба ўкраінцаў вярнуць дэмакратычную дзяржаву. З прыходам Віктара Януковіча Украіна за некалькі гадоў усё больш наблізілася да беларукай мадэлі кіравання. Суды і міліцыя кантралююцца адным чалавекам – у ручным рэжыме. Расціслаў Шапашнікаў з праекту «Дарожны кантроль» аналізуе, як адбылася такая «эвалюцыя» ўладаў.

Змена Канстытуцыі

Праз паўгода з пачатку прэзідэнцтва Віктара Януковіча, у 2010 годзе, прызначаны ім кіраўнік Канстытуцыйнага суда Украіны Анатоль Галавін адмяніў палітычную рэформу і вярнуў рэдакцыю Канстытуцыі да таго выгляду, які яна мела падчас кіравання Леаніда Кучмы. Украіна зноў стала прэзідэнцка-парламенцкаю рэспублікай, а Януковіч атрымаў новыя паўнамоцтвы, з якімі яго не абіралі.

На змену Канстытуцыі большасць украінцаў не звярнула ўвагі, а гэта стала пачаткам ўзурпацыі ўлады Януковічам.

«Данецкая» манаполія

Каб яшчэ больш умацаваць свае пазіцыі, Януковіч расставіў на ўсе галоўныя пасады ў міліцыі, пракуратуры ды судах сваіх землякоў з Данецкай вобласці.

Змяніў Канстытуцыю, прыйшоўшы да ўлады, і Аляксандр Лукашэнка. Новая рэдакцыя беларускага Асноўнага закону, прынятая ў 1996 годзе, надавала яму вельмі шырокія паўнамоцтвы. На ўсе важныя пасады Лукашэнка прызначыў таксама «сваіх».

Сын за бацькавымі плячыма

Пры Януковічу адбыліся змены і ў «алігархічнай сістэме ўплыву». Украінскі лідар стаў актыўна прасоўваць свайго сына Аляксандра, які вельмі хутка стаў мультымільянерам. Гэта не спадабалася «старой гвардыі» алігархаў, якія, уласна, і прывялі Януковіча да ўлады. Вакол прэзідэнта ўтварылася некалькі супрацьлеглых групаў.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2005 годзе зрабіў сына Віктара сваім памагатым у справе нацыянальнай бяспекі. Цяпер Віктар Лукашэнка – адзін з самых уплывовых людзей у Беларусі.

Еўрапейскае развіццё на паперы

Афіцыйна Януковіч пачаў праводзіць палітыку «еўраінтэграцыі». Кіраўніцтва Украіны прыняло шэраг дэмакратычных законаў: «Аб доступе да публічнай інфармацыі», «Аб абароне персанальных звестак», «Аб прынцыпах папярэджання і процідзеяння карупцыі». На практыцы, аднак, аніводзін з гэтых нарматыўна-прававых актаў не спрацаваў.

Актыўна «ўступаючы ў Еўропу», Януковіч запалохваў Расею, каб тая грашыма пачала сваю «вайну за Украіну». У выніку Расея выдала Украіне $ 15 млрд крэдыту, а ўкраінскі ўрад адмовіўся ад працягу інтэграцыі ў ЕЗ. Высветлілася, што расейскія грошы пойдуць на падтрыманне электарату Януковіча.

Чаму Захад квола рэагуе на падзеі ўва Украіне?

Нягледзячы на гучныя заявы еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў на адрас Віктара Януковіча і ягонай каманды ў сувязі з сілавым разгонам акцыяў пратэсту ў цэнтры Кіева, да гэтага часу ніякіх канкрэтных дзеянняў не было.

Януковіч падкупіў Захад, раздаўшы замежным карпарацыям украінскія землі ды рэсурсы: замежныя канцэрны будуць размяркоўваць здабытую ў Чорным моры нафту, а амерыканцы атрымалі права здабываць сланцавы газ на захадзе Украіны.

Выгадны Віктар Януковіч і Расеі, бо забяспечвае функцыю Украіны ў якасці буферу паміж Расеяй ды Еўразвязам. У выніку ЗША за кошт Украіны развязвае свае эканамічныя пытанні, Расея – палітычныя.

Расціслаў Шапашнікаў для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары