Паралакс. Без тармазоў


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Галоўны герой фільму Марціна Скарсэзэ «Юго» аднойчы бачыць начны жах: цягнік на вялікай хуткасці ўлятае на вакзал, прабівае пуцявы бар’ер, выязджае на перон, праязджае ўсю станцыю і выбівае пярэднюю сцяну, а потым падае з 10-метровай вышыні на вуліцу. Сон хлопца цалкам паўтарае выпадак на вакзале «Монпарнас», які давёў, што відовішчы важнейшыя за хлеб.

9 лістапада 1895 года сярод парыжанаў, якія гарталі свежы нумар часопісу «La Nature», не было нікога, хто б здзівіўся гэтаму здымку: паглядзець на паравоз, што прабіў сцяну вакзалу, паспеў ужо, напэўна, кожны жыхар французскай сталіцы.

Попыт сярод разявакаў быў такі, што гарадскія ўлады зарганізавалі адмысловую экскурсію вакол і ўнутры вакзалу, паказваючы пашкоджаны лакаматыў і вагоны – восем пасажырскіх, тры багажныя і адзін паштовы – за невялікую аплату. Стаялі чэргі. Аварыя адбылася некалькі тыдняў таму, калі дасведчаны машыніст Гіём Мары Пэлэрэн вёў цягнік з Гранвілю.

Спазняючыся на 9 хвілінаў, працаўнік французскай чыгункі вырашыў скараціць адставанне да мінімуму – і ўляцеў на перон з хуткасцю каля 40 км/г. З невядомае прычыны тармазы вагонаў не спрацавалі, а тармазной сістэмы самога лакаматыва было недастаткова, каб спыніць цягнік. У момант здарэння ў ім быў 131 пасажыр – на дзіва, усе засталіся жывыя. Загінула толькі прадавачка ў газетным шапіку пад сцяною, якую знёс паравоз; у той дзень жанчына падмяняла свайго мужа – яна вязала, калі ёй на галаву ўпала каменная пліта. Заходняя чыгунка цалкам аплаціла пахаванне жанчыны і ўсталявала адмысловую пенсію для ейных дзяцей.

Машыніст атрымаў 2 месяца турмы і мусіў заплаціць вялікі штраф, а кандуктар (сёння мы б назвалі яго начальнікам цягніка) – толькі штраф.

Існуе легенда, быццам у момант здарэння пад сцяною вакзалу стаяў фатограф, які рыхтаваўся зрабіць здымак для фірмы, якая друкавала паштоўкі. Адныя кажуць, што ён націснуў кнопку менавіта ў той момант, калі паравоз вылятаў на вуліцу, іншыя абвяргаюць гэта. Так ці інакш міфічны здымак на фотапласціне нам не вядомы. Затое ўсе ведаюць гэтую выяву, што зрабіў ананімны фатограф са студыі «Лэві ды сыны»: плакаты, кубкі ды паштоўкі з паравозам можна набыць у кожнай французскай сувенірнай краме, а гурты «The Ex» з Галандыі ды «Mr. Big» са Злучаных Штатаў змясцілі яго на вокладках сваіх альбомаў. Наведнікі тэматычнага, прысвечанага паравозам, парку ў бразільскім Канэле могуць паглядзець на копію здарэння ў арыгінальным маштабе.

Кожны з задавальненнем мог бясконца глядзець на агонь, які гарыць, або раку, якая цячэ. Да моманту, пакуль не пабачыў паравоз, што прабівае 60-сантыметровы фасад і ляціць далей.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары