Кіеўскі суд не можа зразумець закон аб вызваленні мітынгоўцаў?


Нягледзячы на адмысловы закон аб амністыі, Пячэрскі раённы суд Кіева адмовіўся выпусціць на свабоду арыштаванага Яраслава Прытуленку, затрыманага за ўдзел у акцыях пратэсту ля Адміністрацыі прэзідэнта Украіны.



Сваё рашэнне суд матываваў тым, што закон, якім украінскі парламент вызваліў ад крымінальнай адказнасці ўсіх удзельнікаў апошніх мітынгаў, «прапісаны невыразна». Хоць у дакуменце наўпрост зазначана, што ўсе крымінальныя справы датычна падзеяў на мітынгах у перыяд з 21 лістапада да 26 снежня 2013-га мусяць быць спыненыя.

Як паведаміў народны дэпутат Украіны Аляксандр Брыгінец, 8 студзеня ён разам са сваймі калегамі зладзіў сустрэчу з генеральным пракурорам Украіны Віктарам Пшонкам і ягоным намеснікам Юрыем Ударцовым. Паводле Брыгінца, падчас сустрэчы Ударцоў заявіў, што прэзідэнт Януковіч таму і падпісаў закон, што ведаў: яго ніхто выконваць не будзе. Пшонка дадаў, што прыняты закон «не знаходзіцца ў прававым полі».

За закон Украіны «Аб ліквідацыі негатыўных наступстваў і недапушчэнні пераследу і пакарання асобаў адносна падзеяў, якія мелі месца падчас правядзення мірных сходаў» прагаласавалі 339 дэпутатаў з 404 – гэта значыць, дакумент прыняла канстытуцыйная большасць.

На сённяшні дзень за кратамі, акрамя Прытуленкі, застаюцца яшчэ тры чалавекі: журналіст «Дарожнага кантролю» Андрэй Дзындзя, актывіст Уладзімір Кадура і адвакат Віктар Смалій. Пытання пра іхнае вызваленне ў сувязі з прынятым Вярхоўнаю Радаю законам яшчэ не разглядалі.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў