Пачаўся судовы працэс паводле факту смерці пацыенткі «Экамедсэрвісу» (ФОТА)


Суд Кастрычніцкага раёну Менску пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні кіраўнікоў і доктара медычнага цэнтру «Экамедсэрвіс». Працэс вядзе суддзя Ала Абакунчык, дзяржаўным абвінаваўцам выступае прадстаўнік Генпракуратуры Мікалай Жэчка.

Суддзя забараніла фота- і відэаздымку на настаянне дзяржаўнага абвінаваўцы.

Крымінальную справу распачалі з прычыны смерці пацыенткі СТАА «Экамедсэрвіс – Медычны цэнтр» Юліі Кубаравай. 11 снежня Генеральная пракуратура накіравала справу на разгляд у суд.

Генеральнага дырэктара медцэнтру Галіну Валжанкіну і галоўнага інжынера Вадзіма Ліхуту вінавацяць паводле арт. 428 КК (службовая нядбайнасць), доктара-анестэзіёлага Аляксандра Шурава – паводле ч. 2 арт. 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медычным працаўніком, што пацягнула з неасцярожнасці смерць пацыента).

Пацыентка «Экамедсэрвісу», 25-гадовая жыхарка Горадні Юлія Кубарава, памерла 27 красавіка ў 4-й менскай гарадской клінічнай бальніцы пасля рынапластыкі, праведзенай 26 сакавіка ў «Экамедсэрвісе» паводле медычных і эстэтычных паказанняў. Увесь гэты час яна заставалася ў коме.

Следства выявіла, што падчас аперацыі на працягу прыкладна 40 хвілінаў апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх працаваў у пазаштатным рэжыме, былі розныя памылкі ды збоі.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары