Праз мясцовыя выбары – да прэзідэнцкіх. Хто хоча стаць суперлідарам?


Праз мясцовыя выбары – да прэзідэнцкіх. Апазіцыйныя партыі агучылі свае планы на бліжэйшыя месяцы. Разам з выбарамі ў мясцовыя саветы, што маюць адбыцца 23-га сакавіка, частка палітычных апанентаў дзейных уладаў плануе правесці праймарыз кандыдата на прэзідэнцтва. Што праўда, ахопяць гэткія папярэднія выбары не ўсю краіну.
{movie}Хто хоча стаць лідарам (08.01.2014) |right|14136{/movie}
Альянс “Талака” прыадкрыў карты, як плануе зладзіць праймарыз кандыдата на прэзідэнцтва ў адным асобна ўзятым горадзе, дзеля чаго і колькі людзей плануюць уцягнуць у народныя выбары.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:
“Калі з 30 тысячаў, на каго разлічаная гэтая праца, 2–3 тысячы возьмуць удзел у галасаванні ў маштабе краіны, гэта азначае, што гатовыя ўзяць удзел за 300 тысячаў чалавек. Гэта сіла, з якою не параўнаецца ні адзін з’езд апазіцыйнай партыі, ні адзін кангрэс. Гэта магутная сіла”.

І частку гэтай сілы першы мусіць адчуць Бабруйск, дзе і збіраюцца сумясціць мясцовыя выбары з выбарамі адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзідэнцтва. Адметнасцю ж апазіцыйнага бюлетэню будзе адно пустое поле, каб туды можна было запісаць любое прозвішча. Паводле ініцыятараў, праймарыз паспрыяюць і аб’яднанню апазіцыі.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ: “Фактычна гэта спроба паўтарыць сітуацыю пачатка 90-х гадоў, калі быў рух БНФ, туды ўваходзілі правыя, левыя і цэнтрысты, але ў іх была агульная супольная ідэя і жаданне нешта рабіць разам”.

У выніку поспеху праймарыз плануюць ажыццявіць на ўзроўні ўсёй краіны. На крытычныя заўвагі ды пытанні аўтары ініцыятывы пакуль адказваюць: Бабруйск пакажа.

СЯРГЕЙ КАЛЯКІН, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ «СПРАВЯДЛІВЫ СВЕТ»:
“Пілотны праект народнага галасавання ў Бабруйску, калі ён будзе паспяховы, мы дамо адказ: магчыма ці немагчыма, пойдуць людзі ці не”.

Уласны “праймарыз” на вуліцах Бабруйску зладзіў “Аб’ектыў”. Мы спыталі, каго ўвогуле з апазіцыйных палітыкаў ведаюць жыхары гораду і за каго хацелі б галасаваць на наступных прэзідэнцкіх выбарах.

АПЫТАННЕ, БАБРУЙСК:

“Якія будуць кандыдаты, тых і будзем разглядаць”.
“Я не бачу апроч Лукашенкі ніводнай кандыдатуры на сёння”.
“Саннікава і яшчэ Някляева”.
“Саннікава і больш нікога, за яго лёсам толькі назіралі”.
“Лябедзьку ведаю, а яшчэ каго – больш і не ўзгадаю”.

Прозвішча Лябедзькі ўзгадваюць затое бабруйскія апазіцыйныя актывісты. Але ў даволі крытычным кантэксце. Яны асцерагаюцца, што прапановы “Талакі” ў поўным аб’ёме на месцы зрэалізаваць немагчыма.

ЮРЫЙ ГРЫНЯВЕЦКІ, ЛІДАР БАБРУЙСКІХ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАЎ:
“Людзі не пойдуць сюды да нас галасаваць з розных прычынаў. Праз апалітычнасць, і абавязкова будуць перашкоды ўладаў, яны не дапусцяць, каб прайшло яшчэ альтэрнатыўнае галасаванне”.

У якасці альтэрнатывы гучыць варыянт, які апазіцыя выкарыстоўвала ўжо неаднойчы.

ЮРЫЙ ГРЫНЯВЕЦКІ, ЛІДАР БАБРУЙСКІХ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАЎ: “Правесці можна галасаванне, але больш вузка, у коле апазіцыйных структураў – гэта апазіцыйныя партыі ды грамадскія арганізацыі”.

Зрэшты, ёсць яшчэ варыянт, які прасоўвае перадусім адзін з лідараў хрысціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец: правесці ўвесну Кангрэс дэмакратычных сілаў, які б вызначыў адзінага кандыдата ад апазіцыі. Ідэя не новая, з іншага боку, – адпрацаваная. Менавіта паводле гэтай схемы ў 2006-м адзіным стаў Аляксандр Мілінкевіч. Чыя канцэпцыя пераможа і ці якая-небудзь пераможа ўвогуле, сказаць складана. Вядома адно: наступнага адзінага прынамсі пачнуць абіраць у Бабруйску.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/0X7oXuTGEUA

Глядзі таксама
Каментары