Геі, каўбаса і цікавая калядная статыстыка


2014-ты Дзень Народзінаў Ісуса Хрыста прайшоў у атмасферы гей-скандалу.

Напярэдадні Раства адзін з «рупараў» Расейскай праваслаўнай царквы распаліў вогнішча скандалу. За некалькі дзён да святаў у «Жывым часопісе» праваслаўнага блогера Андрэя Кураева з’явіўся запіс, дзе дыякан не намякае, як раней, а наўпрост кажа пра наяўнасць прадстаўнікоў нетрадыцыйнай арыентацыі ў Казанскай духоўнай семінарыі. Вядомы расейскі тэолаг не аднойчы дазваляў сабе крытыку бюракратаў з РПЦ. Але гэтым разам за выкрыццё гей-лобі, якое нібыта існуе ў царкоўных структурах, ён паплаціўся пасадаю выкладчыка ў Маскоўскай духоўнай акадэміі. Адміністрацыя навучальнай установы палічыла актыўнага блогера Кураева скандалістам і правакатарам. У вір скандалу быў уцягнуты і епіскап Гомельскі ды Жлобінскі.

Каўбасныя пачастункі на Каляды

Правінцыйным крэатывам адзначыўся на Каляды Гарадзенскі мясакамбінат. Маркетолагі прадпрыемства вырашылі зрабіць гарадзенцам святочны падарунак – «Доктарскую» кілбасу даўжынёю 3 м. Дзень народзінаў Ісуса Хрыста прайшоў у атмасферы аўкцыёну – метр каўбасы прадаваўся па Br 400 тыс.

Амерыканцы падлічылі праваслаўных

Амерыканская даследчая група «The Pew Research Center» падлічыла колькасць праваслаўных на свеце. Вядома, Беларусь увайшла ў дзясятку краінаў з найбольшаю колькасцю вернікаў, якія святкуюць Раство паводле юліянскага календара. Апроч Беларусі, у спісе аказалася Расея, Украіна, Грэцыя, Сербія, Балгарыя, Егіпет, Грузія, Сербія, Румынія і Эфіопія. Паводле звестак амерыканскіх навукоўцаў, колькасць праваслаўных вернікаў у свеце складае 260 млн 380 тыс.

Трыумф мусульманаў у Трэцім Рыме

Цікавая карціна склалася ў сталіцы нашай усходняй суседкі. На Раство ў цэрквы прыйшло каля 110 тыс. асобаў. Пры гэтым адно з галоўных святаў мусульман – Курбан-байрам у расейскай сталіцы было куды больш маштабнае. На святочныя мерапрыемствы з нагоды Курбан-байраму ў маскоўскія мячэці прыйшлі больш за 170 тыс. асобаў.

Ю.В. belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары