Здымкі Лукашэнкі ды патрыярха Кірыла ў шэрагу гістарычных фотападманаў


Здымкі перараблялі яшчэ задоўга да нашых дзён. У каго ж вучыліся тыя, хто змяняў фатаграфіі сучасных кіраўнікоў і з чаго праславіліся «першапраходцы» фотападману?

Былы кіраўнік НКУС

Змяняць фотаздымкі пачалі ў СССР яшчэ ў часы сталінскіх чыстак. Адною з першых ахвяраў рэтушы стаў Мікалай Яжоў, былы кіраўнік НКУС, якога расстралялі на загад Сталіна ў 1940 годзе. Аднак з афіцыйных здымкаў яго сціралі, пачынаючы з 1937 года, калі Яжоў трапіў у няміласць да Сталіна. На першым здымку – Варашылаў, Молатаў, Сталін і Яжоў. На другім – Яжова ўжо няма. У кнізе «1984» Джорджа Орўэла (Georg Orwell) такая сітуацыя называецца «эвапарацыя» [выпарэнне – belsat.eu].

Нямецкі гадзіннік

1 траўня 1945 года савецкі ваенны карэспандэнт Яўгеній Халадэй зрабіў фота, як савецкі жаўнер Аляксей Кавалёў усталёўвае чырвоны сцяг СССР на будынку Райхстагу. На здымку прысутнічае таксама яшчэ адзін жаўнер – дагестанец Абдулхакім Ісмаілаў, які дапамагаў прыладжваць сцяг. У аб’ектыў трапіла, што Ісмаілаў на кожнай руцэ меў па гадзінніку. Каб пазбегнуць падазрэнняў, што савецкія жаўнеры прысвойвалі сабе нямецкія гадзіннікі, аўтар здымка выдаліў адзін з іх перад публікацыяй.





Швейцарскі гадзіннік

Лідар Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл у пачатку ліпеня 2009 года сустрэўся з міністрам юстыцыі Расейскай Федэрацыі Аляксандрам Канавалавым.

Спатканне здымалі фотакарэспандэнты – патрыярх у чорнай расе з клабуком на галаве ўрачыста глядзіць на міністра. Абодва сядзяць ля бліскучага, адпаліраванага стала. На здымку рукаў чорнай расы закрывае запясце, у той жа час у бліскучым стале адбіваецца шыкоўны гадзіннік іерарха. Хоць гадзіннік на руцэ адрэтушавалі, яго адбіццё прыбраць забыліся.

Блогеры жартавалі пра гэта, як пра цуд. Паводле інтэрнаўтаў, гэта быў гадзіннік «La reveille du Tsar» (Мара цара), які выпускае французска-швейцарская фірма «Breguet». Паводле вытворца – гэты гадзіннік цалкам механічны, абсталяваны сігналізацыяй, паказвае дату і час, калі яго трэба завесці. Яго корпус выкананы з золата, мае аж 38 каштоўных камянёў, воданепранікальны на глыбіні да 30 м. Ніжняя частка корпусу абсталяваная сапфіравым шклом. Дапаўняе ўсё гэта па-майстэрску зроблены раменьчык з кракадзілавай скуры. Кошт такога экземпляру вагаецца ад € 27 да 30 тыс. Патрыярх прызнаўся, што гэты гадзіннік яму падарылі, а ён сам звычайна носіць іншы – сціплы падарунак ад прэзідэнта Мядзведзева. Віну за блытаніну ў здымках усклалі на рэдактара сайту, які нібыта з уласнай волі зрэтушаваў фота.



Фота:ntv.ru

РПЦ – прыхільніца фоташопу?



На сайце Маскоўскага патрыярхату РПЦ інтэрнаўты выявілі сёлета зноў прыкметы ўжывання фоташопу [цяпер фота выдалілі са старонкі – belsat.eu]). Як заўважылі карыстальнікі сацсетак, зрэтушавалі здымак, зроблены 23 чэрвеня, на якім патрыярх Кірыл прамаўляе казань з балкона Троіца-Сергіевай лаўры.

На здымку ўся плошча перад балконам, на якім стаіць патрыярх, запоўненая людзьмі. Пры гэтым у левым ніжнім куце фота ў натоўпе некалькі разоў паўтараюцца адныя і тыя ж асобы. Прэс-служба РПЦ не каментавала гэтай інфармацыі.



Фота: 3off.livejournal.com

«Cessna 550 Citation II Bravo»

Міністр сельскай гаспадаркі Расеі Мікалай Фёдараў выбраўся летась у кастрычніку ў Нямеччыну на сельскагаспадарчы кірмаш. На інтэрнэт-старонцы міністэрства апублікавалі фатаграфію, на якой Фёдараў ходзіць у таямнічай цемры. Інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі, аднак, іншы здымак, на якім міністр у той жа позе, а за ім – двухматорны рэактыўны самалёт бізнес-класу, які – на ўліку ў Сербіі. Чаму самалёт знік з фота, ніхто не ведае.







Прыгажэйшы Лукашэнка

Фатаграфаваць кіраўніка Беларусі могуць толькі дзяржаўныя медыі. Неаднойчы, аднак, беларускія інтэрнаўты звярталі ўвагу – на афіцыйных здымках Лукашэнка выглядае нашмат лепш, чымся на відэа. На фатаграфіях нават касцюм Лукашэнкі мае прыгажэйшае адценне, чымся на відэа.

Напрыклад, істотна адрозніваюцца здымкі з інаўгурацыі кіраўніка краіны ў 2011 годзе і стоп-кадры з відэа. Дзяржаўныя медыі прыбіраюць з партрэтаў Лукашэнкі зморшчыны, «мяшкі» пад вачыма, робяць цямнейшымі валасы, каб амаладзіць лідара Беларусі, паказаць яго ў лепшым святле.

Якуб Бернат, Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў