З Калядаў сонца паварочвала на лета, сёлета ж у Менску надвор’е такое, што футры каляднікам маглі і не спатрэбіцца. Але, не гледзячы ні на што, гэтыя хлопцы разам з бацькамі падрыхтаваліся па-сапраўднаму.
{movie}Калядны мех|right|14122{/movie}
МІРОН ВІТУШКА, КАЛЯДНІК:
“Мне вельмі падабаецца калядаваць, вяртацца да старадаўніх традыцыяў, вывучаць свае карані, гэта, безумоўна, радасна, а яшчэ і рабіць тое, што рабілі нашыя продкі, – гэта цікава і весела, да таго ж і прыбытак – даюць штосьці, калі калядуеш”.
Маскі рабілі самыя, разам з Мядзведзем тут і Каза – галоўны герой, без якога немагчыма ўявіць шчадраванне.
УСЯСЛАЎ САГАНОВІЧ, КАЛЯДНІК:
“Продкі верылі, што ў гэты час Хрыстос нарадзіўся, ды і ўвогуле без хрысціянства тады было свята”.
ЯРАШ ГРЫНЧАНКА, КАЛЯДНІК:
“Мы спяваем, і за гэта нам даюць цукеркі”.
Такі вось спрошчаны варыянт калядак. Але ж галоўны элемент – нязменны: спевы ды вясёлы настрой.
ПАЛІНА ГРЫНЧАНКА, МАЦІ КАЛЯДНІКА:
“Калядоўшчыкі нясуць у дом радасць і абяцаюць людзям добрае жыццё, вось у чым сэнс, за гэта людзі дзякуюць адпаведна”.
З хаты на вуліцу і зноўку ў кватэру. У гэтую кватэру вясёлыя госці завіталі ўжо другі раз. Упершыню прыйшлі на каталіцкія Каляды, цяпер сярод каляднікаў – і ўнук гаспадыні.
ГАЛІНА ВІТУШКА, БАБУЛЯ КАЛЯДНІКА:
“Я вельмі радая, што ёсць такія прыгожыя маладыя людзі, якія ведаюць гэта і сваіх дзяцей таксама прывучаюць, і мой унук сярод іх, ад гэтага я шчаслівая. Нашая мова – гэтая нашая святыня”.
Сапраўдным народным карнавалам, які аб’яднаў усё ад Казы да Каляднага дзеда, сталіся Каляды ў Магілёве. Фішкаю была вуха са знакамітых казіміраўскіх шчупакоў, але частавалі тут усім.
АЛЕГ МАГАЗІНШЧЫКАЎ:
“Вуха вухою, але ж мы рознае любім: і блінчыкі, і пельмені. Гэта ж калядкі, усё павінна быць”.
АЛЕНА БЯСЦЭННАЯ:
“Кажуць, якую сумку накалядуеш, з такім багаццем увесь год пражывеш, шкада, вядома, што ў нас зараз гэта крыху забылі, але, спадзяюся, з хуткім часам усё вернецца назад і будуць сустракацца калядоўшчыкі часцей”.
Паводле старога стылю Каляды толькі пачаліся і будуць доўжыцца яшчэ два тыдні, а таму можна яшчэ паспець накалядаваць цэлы мех.
Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu