Урад Латвіі ўпершыню ачоліць жанчына


Кандыдатуру Лаймдоты Страўюмы на пасадзе прэм’ер-міністра краіны ўхваліў прэзідэнт Латвіі Андрыс Бэрзіньш, піша delfi.lt.

Раней Лаймдота Страўюма займала пасаду міністра земляробства. Яна стане першаю ў гісторыі Латвіі прэм’еркаю. Ейную кандыдатуру на гэтую пасаду вылучыла самая буйная ў краіне партыя “Адзінства”.

На пасадзе кіраўніка ўраду Страўюма зменіць Валдыса Дамброўскіса, які ў лістападзе мінулага года пайшоў у адстаўку, узяўшы на сябе палітычную адказнасць за гібель 54 чалавек у гандлёвым цэнтры “Maxima” ў Рызе.

21 лістапада ў будынку гандлёвага цэнтру адбыўся абвал канструкцыі. Спачатку абрушыўся дах, а пасля прыбыцця ратавальнікаў павалілася адна са сценаў. Згодна з адной з версіяў, прычынаю здарэння стала тое, што на даху гандлёвага цэнтру захоўвалі будаўнічыя матэрыялы. У медыях таксама выказваліся здагадкі, што яшчэ на этапе праектавання і будаўніцтва цэнтру былі дапушчаныя памылкі.

Ю.В. паводле delfi.lt

Стужка навінаў