Разарваны сабакамі дзядзька Кім Чэн Ына – жарт кітайскага сатырыка


Гісторыя з падрабязнасцямі пакарання дзядзькі паўночнакарэйскага правадыра: Чанг Сонг Тхэка нібыта скармілі дзясяткам галодных сабак. Аказалася, гэта быў жарт кітайскага блогера.

Жудасныя падрабязнасці пра смяротнае пакаранне дзядзькі паўночнакарэйскага лідара, відаць, не адпавядаюць рэчаіснасці. Раней паведамлялася, што Чанг Сонг Тхэка раздзелі ды скармілі 120 галодным сабакам, на што кіраўнік КНДР глядзеў моцна нападпітку.

Менавіта так апісаў смерць палітыка кітайскі сатырык. Запіс ён размясціў у сацсетцы “Weibo”. Інфармацыя, якая ўскалыхнула заходнія медыі, была апублікаваная ў гон-конгскай газеце “Wen Wei Po”, якая занадта сур’ёзна паставілася да кароткага сатырычнага памфлету, перадае “Reuters”.

Медыі шмат якіх краінаў паверылі кітайскай газеце. Спачатку падрабязнасці пакарання апублікавала сінгапурская газета “The Straits Times”, пасля чаго сенсацыйны матэрыял са спасылкаю на выданне сталі актыўна тыражаваць амерыканскія і еўрапейскія медыі. Нават эксперты выказаліся з нагоды жорсткай кары. Напрыклад, старшы навуковы працаўнік універсітэту Лідзу, словы якога прывяло выданне “The Indepedent”, назваў пакаранне Чанг Сонг Тхэка актам дзяржаўнага тэрарызму з боку ўладаў КНДР.

Як адзначае ў сваім блогу Трэвар Паўэл, чыкагскі інжынер-праграміст, які першы заўважыў спасылку на пост у “Weibo”, “ніхто не дабраўся да першакрыніцы”. Ён таксама прывёў спасылкі на розныя сусветныя медыі, у якіх былі апублікаваныя падрабязнасці пра пакаранне смерцю паўночнакарэйскага палітыка.

Чанг Сонг Тхэк лічыўся другім паводле ўплывовасці чалавекам у Паўночнай Карэі. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і падрыхтоўцы захопу ўлады ў краіне. У сваім навагоднім звароце да грамадзянаў Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын назваў пакаранне свайго дзядзькі “ачышчэннем ад бруду”.



Ю.В. паводле lenta.ru

Стужка навінаў