Сёння дзень нараджэння Мікалая Аўтуховіча


Мікалаю Аўтуховічу – вядомаму актывісту, прадпрымальніку, ветэрану афганскай вайны – сёння спаўняецца 51 год. Свой дзень нараджэння палітзняволены чарговы раз сустракае ў гарадзенскай турме № 1.

Першы раз Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, тады яго асудзілі на тры з паловаю гады. Ён быў адным з шасці палітзняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцыяў ЗША і Еўразвязу.

Наступным разам Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года. У траўні 2010-га за перавоз і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 3 арт. 295 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прыгаварыў да 5 гадоў 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітзняволеным, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Акрамя таго, адзначаюць яны, падчас суда над ім былі дапушчаныя сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні.

У студзені 2012 года суд зрабіў больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання Аўтуховічу, прызнаўшы яго “злосным парушальнікам рэжыму”. Асуджанага перавялі з калоніі № 5 у Івацэвічах (Берасцейская вобласць) у гарадзенскую турму № 1.

У турме палітзняволенаму прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён адмовіўся гэта рабіць. “Маю свае погляды. І ўсё жыццё я ніколі іх не мяняю. Я нічога не рабіў дрэннага для Радзімы і народу, не парушаў ніякіх законаў, чаму я мушу звяртацца з прашэннем?” – гаварылася ў лісце, які Аўтуховіч накіраваў з турмы аднаму са сваіх таварышаў.

У верасні 2013 года праваабаронцы са спасылкаю на крыніцу ў гарадзенскай турме паведамілі, што Мікалай Аўтуховіч парэзаў сабе жывот лязом, выказваючы такім чынам пратэст супраць “адкрыта здзеклівага стаўлення” да яго з боку турэмнай адміністрацыі, якая ўвесь час да яго чапляецца. Праваабаронцы мяркуюць, што адміністрацыя наўмысна робіць Аўтуховіча “злосным парушальнікам рэжыму” – у гэтым статусе яго лёгка асудзіць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і даць яму дадатковы тэрмін або прызначыць прэвентыўны нагляд пасля вызвалення.

Выйсці на волю Мікалай Аўтуховіч мае сёлета ў красавіку.

Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць). З 1981 года служыў у арміі ў Саратаўскай вобласці Расіі – кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння.Пазней скончыў школу прапаршчыкаў і папрасіў накіраваць яго на службу ў Афганістан. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі – “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Пасля звальнення з арміі ў 1991 годзе стаў займацца бізнесам у родным горадзе.

Ю. В. паводле БелаПАН

Стужка навінаў