Як адзначаў і што еў на Святы вечар класік беларускай літаратуры?


Праваслаўныя вернікі рыхтуюцца да Раства Хрыстовага. Сёння ў іх Святы вечар або Куцця – ад галоўнай стравы на стале. Як апісвае святочную вячэру ў «энцыклапедыі» даўнейшага беларускага жыцця – «Новай зямлі» – Якуб Колас?

«Новая зямля» – паэма біяграфічная. Прататыпамі галоўных герояў твору сталі сам аўтар, ягоныя бацькі ды сваякі. Каб даведацца, як беларусы святкавалі Куццю і Каляды ў канцы XIX–пачатку XX стагоддзяў, варта разгарнуць старонкі нашага нацыянальнага эпасу.

Каляды, піша Якуб Колас, найбольш чакалі дзеці. Гэта быў для іх час ласункаў і адпачынку ад навукі. Адмыслова для дзяцей ставілі дома ялінку:

«Ялінка ў хаце так прыгожа!

І колькі радасці і ўцехі!

На ёй валоскія арэхі,

А з пазалочанай паперкі

Глядзяць панадныя цукеркі;

І больш на ёй няма нічога,

Ды хіба ж дзецям трэба многа?

Даволі з іх і той прынады –

Яны давольны, яны рады».

{movie}Арт-группа „Беларусы” – „А учора з вячора” |right|14095{/movie}

Звычайна перад Раством забівалі вепручка, каб на свята былі кілбасы і вяндліна. Шмат хто з гаспадароў, аднак, нягледзячы на піліпаўскі пост, каштаваў свежанінку яшчэ перад Калядамі.

Пост захоўваўся і ў Святы вечар, таму адмыслова да Куцці лавілі ў палонках свежую рыбу.

У перадкалядавы вечар усё мела сваё значэнне і прадказвала будучыню:

«Куцця. Марозна. Хмурнавата.

Сняжок падкідвае заўзята;

Снег на Куццю – грыбы на лета,

Такая матчына прымета,

А сцежкі чорны – ягад многа;

Ну, і за гэта хвала Богу».

На стале рассыпалі духмянае сена, на якім некалі нарадзіўся Сын-Бог, засцілалі яго белым абрусам. Гаршчок з куццёю – пшанічнаю кашаю – быў у Святы вечара нібы «цар даўнейшаю парою», які ставілі на самае пачэснае месца на стале – пад абразамі, «багамі», паводле класіка. Да стала падыходзілі ўсе прыбраныя і з «зачасанымі чупрынамі». На вячэру малодшыя сямейнікі прыходзілі са сваёй стратэгіяй:

«За стол садзяцца ўсе ў парадку

І прад сабой кладуць аладку,

Відэльцы, лыжкі разбіраюць

І стравы першае чакаюць.

– Ты, брат, глядзі не ашукайся:

Не надта зразу накідайся,

Бо потым шчыра пашкадуеш,

Калі жывот свой напіцуеш:

Чым дальш – смачнейшыя патравы,

І многа іх, і ўсе цікавы;

Я знаю хітрасць гэту ўсю, –

Алесь гаворыць Кастусю».

{movie}”Цуд на Каляды” ў выкананні Аляксандра Памідорава|right|14094{/movie}

Адною з галоўных і самых смачных страваў на Святы вечар быў квас, прыгатаваны паводле старадаўняга рэцэпту з сушанай рыбы і грыбоў:

«Ён колер меў чырванаваты;

Тут быў таран, мянёк пузаты,

Шчупак, лінок, акунь, карась,

Кялбок і ялец, плотка, язь,

Яшчэ засушаныя з лета.

Але не ўсё яшчэ і гэта:

Аздоблен квас быў і грыбамі,

Выключна ўсё баравічкамі;

Цыбуля, перчык, ліст бабковы –

Ну, не ўясісь, каб я здаровы! »

{movie}”Палац” – “Святы вечар”|right|14093{/movie}

Частаваліся падчас святочнай вячэры таксама верашчакаю, блінцамі на маку, ламанцамі-праснакамі, разнастайнымі кампотамі, кісялём з мядоваю сытою і гэтак далей. Куццю ж елі ў самым канцы:

«Вячэру скончылі куццёю,

Але ўжо елі без ахвоты,

Абы падатак той аддаць,

Стары звычай ушанаваць.

І после гэтакай вячэры

Жывот выпучваўся без меры,

А з-за стала як уставалі,

То нават трохі і стагналі».

{movie}”Песняры” – “Святы вечар”|right|14092{/movie}

Стравы са стала прыбіралі на заўтра – у першы дзень Калядаў. Сена даставалі з-пад абруса і па жмені давалі каню, валу і карове.

«А на стале, ў драбнюткім сене

Здавён-даўна вялося й гэта –

Уважна зернетак шукалі

І па тых зернетках гадалі,

Які зародзіць хлеб налета».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў