Амерыканцы падлічылі праваслаўных


Паводле звестак амерыканскай даследчай групы The Pew Research Center амаль кожны другі праваслаўны – расеец.

260 мільёнаў 380 тысяч – менавіта столькі праваслаўных хрысціянаў у свеце налічылі амерыканскія даследнікі.

У спісе дзесяці краінаў з найбольшаю паводле колькасці праваслаўных называюць Расею (101,405 млн праваслаўных жыхароў), Украіна (34,85 млн праваслаўных), Беларусь (5,9 млн праваслаўных). У праваслаўны топ-ліст таксама трапілі Эфіопія, Румынія, Грэцыя, Сербія, Балгарыя, Егіпет і Грузія.

Як адзначаюць у даследаванні, хрысціяне пражываюць на тэрыторыі больш за 200 краінаў і ні адзін кантынент або рэгіён не можа бясспрэчна лічыцца «цэнтрам глабальнага хрысціянства».



Паводле навукоўцаў, за апошняе стагоддзе колькасць хрысціянаў у свеце павялічылася больш як утрая: з 600 млн чалавек ў 1910 годзе да 2,18 млрд у 2011-м. Аднак колькасць насельніцтва таксама расла хуткімі тэмпамі: з 1,8 млрд да 6,9 млрд чалавек за мінулыя 100 гадоў. Такім чынам доля хрысціянаў у сусветным насельніцтве засталася практычна на тым жа ўзроўні.

Варта ведаць, што каля паловы ўсіх хрысціянаў складаюць каталікі. Пратэстантызм вызнаюць 37 %, а праваслаўе – 12 %.

У даследаванні The Pew Research Center падкрэсліваюць, што найменшая канцэнтрацыя хрысціянаў назіраецца ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Там, дзе зарадзілася рэлігія Хрыста, хрысціяне складаюць цяпер толькі 4 % насельніцтва.

Ю.В. belsat.eu

Стужка навінаў