«Стоп падатак»: папяровы пратэст і адстаўка ўраду


За адмену аўтамабільнага мыта і адстаўку ўраду сабралі некалькі тысяч подпісаў.

З іх каля 100 цягам гадзіны сабралі сёння ў цэнтры Менску, на плошчы Якуба Коласа і ў раёне Камароўскага рынку. Займаліся гэтым лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка.

Акцыя праходзіла з 12 да 13 гадзіны. За працэсам назірала беспрэцэдэнтная колькасць працаўнікоў міліцыі ды спецслужбаў, якія, аднак, не перашкаджалі актывістам. Каля 10 асобаў у цывільным увесь час суправаджалі Лябедзьку і Карняенку, некалькі здымалі ўсё на відэакамеру. Побач дзяжурылі машыны ДАІ і некалькі міліцэйскіх аўтобусаў.

«Напэўна, без міліцыі і камер людзі б больш актыўна ставілі свае подпісы. Але нават у такіх умовах утвараліся невялікія чэргі ахвотных падпісацца, прычым падпісваліся не толькі менчукі, але і жыхары іншых гарадоў Беларусі», – сказаў Лябедзька. Ён паведаміў, што збор подпісаў за адмену мыта праводзіцца ўжо трэці раз. Таму ўсяго ўжо сабралі некалькі тысяч подпісаў.

Паводле Карняенкі, пакуль не ставіцца мэта сабраць, да прыкладу, мільён подпісаў. «Гэта, хутчэй, дэманстрацыйная сімвалічная акцыя з мэтаю паказаць, што людзі не баяцца адкрыта выказваць нязгоду з дзеяннямі ўладаў», – сказаў ён.

Раней на гэты час планаваўся аўтапрабег па праспекце Незалежнасці супраць увядзення аўтамыта. Аднак Менгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні. У якасці прычынаў адмовы назвалі тое, што Анатоль Лябедзька не можа быць заяўнікам, бо прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, а таксама адсутнасць у заяўцы «неабходных звестак» – у ёй не былі ўказаныя пашпартныя звесткі ўсіх (!) удзельнікаў прабегу і аўтамабілі. Апроч таго, зазначылі ў гарвыканкаме, аўтапрабег прайшоў бы блізу адміністрацыйных будынкаў, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў забароненае.

Рашэнне ўвесці з 2014 года мыта за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху у снежні прыняў парламент, а пасля ўхваліў прэзідэнт. Памер мыта складае ад 3 да 25 базавых велічыняў (цяпер – ад Br 390 тыс. да 3 млн. 250 тыс.), у тым ліку для фізічных асобаў на легкавыя аўтамабілі – ад 3 да 10 базавых велічыняў (ад Br 390 тыс. да 1,3 млн.).

З трох анансаваных акцыяў пратэсту «Стоп падатак» удалася толькі першая. Дзве іншыя былі сарваныя дзеяннямі ўладаў і сілавікоў.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў