STARавіны. Навіны, якія сталіся гісторыяй


Хаўрусныя беларускія банкі ды патрыятычныя вечарыны. Як за беларушчыну змагаліся на пачатку ХХ стагоддзя?
STARавіны. Навіны, якія сталіся гісторыяй

Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны.

Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас прафесар гісторыі Вячаслаў Швед.

Пройдземся па старонках газеты «Наша Ніва» за 1913 год, бо менавіта яна найбольш глыбока і ўсебакова змагалася за абуджэнне беларускага народу і асвятляла працэс яго «ўставання з цемры». Можа таму і забаранялася навучальным установам выпісваць газету і чытаць яе настаўнікам.

Аўтар артыкулу «Нашы цэннасьці» пад псеўданімам Лішні аналізуе, «якіе мы маем національные цэннасці і якіе мы маем шансы называцца націей». У выніку атрымалася, што з 4 інстытуцыйных (маральных) каштоўнасцяў беларусы мелі ўжо ў той час 3 найважнейшыя (мову, пачуццё нацыянальнай еднасці, звычаі), і не ставала толькі нацыянальнай царквы. З ідэйных каштоўнасцяў беларускі народ меў сваю гісторыю (і пэўны час – дзяржаўнасць), слабыя нацыянальныя традыцыі (не захаваліся праз страту беларускіх мяшчанства і буржуазіі), у зародку – дэмакратычныя і нацыянальныя ідэалы (№ 22, с. 1).

Каб стаць нацыяй, трэба было ўзяцца за адраджэнскую працу. Аўтар пад псеўданімам А-н-а прапанаваў кароткую праграму для кожнага «праўдзівага сына сваёй Бацькоўшчыны»: «Работа наша павінна ісьці глаўным чынам да пашырэньня прасветы і развіцьця грамадзянскай і нацыональнай сьвядомасці ў беларусаў, а поруч з гэтым развіваць экономічную сілу народу». Ён прапаноўваў заводзіць нацыянальныя школы, бібліятэкі, чытальні, праводзіць лекцыі ды курсы для народу, пашыраць беларускае друкаванае слова, адкрываць культурныя, асветніцкія ды эканамічныя гурткі, таварыствы і суполкі, развіваць беларускае мастацтва, тэатр, музыку, знаёміць беларусаў з іхнаю гісторыяй, ладзіць гістарычныя, этнаграфічныя, рамесныя і эканамічныя выставы (№ 2, с. 1).

Ці што-небудзь рабілася? Так. З вясны 1912 года дзеяў беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэту. Яны даследавалі духоўнае і грамадзянскае жыццё беларускага народу, ягоную мову, літаратуру, народную творчасць, этнаграфію, статыстыку, гаспадарку (№ 31, с. 1). З 1906 да 1913 года створаныя музычна-драматычныя гурткі ў Вільні, Пецярбурзе, Менску. Адчыненае таварыства дапамогі хатняму рамяству. Заводзяцца хаўрусныя беларускія банкі. Пачалі выходзіць газета «Маладая Беларусь», месячнік «Лучынка», месячнік сельскай гаспадаркі «Саха». Працавалі выдавецтвы «Беларускае выдавецкае таварыства», «Беларуская кнігарня ў Вільні» (№ 46, с. 1). Адраджэнцы намагаліся, каб гучала ў храме беларуская мова, каб селянін не блытаў паняццяў «нацыя» і «рэлігія» і на пытанне «хто ты такі?» не адказваў: «рускі», бо праваслаўны, або паляк, бо каталік (№ 40, с. 1).



Значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі адыгрывалі беларускія вечарыны. 2 студзеня ў Варшаве яе зладзілі студэнты Варшаўскага ўніверсітэту: хор студэнтаў і курсістак спяваў беларускія песні, трупа Ігната Буйніцкага танчыла «Лявоніху», «Мельніка», «Вераб’я» і «Мяцеліцу», П. Гуткоўскі дэкламаваў вершы П. Простага, Ядвігіна Ш., А. Паўловіча (№ 8, с. 3–4). 9 лютага ў Пецярбурзе згулялі вечарыну беларускія студэнты: яны паставілі купалаўскую «Паўлінку», хор спяваў «А хто там ідзе», «Ой, пайду я лугам», «Ды ўжо сонейка», «Чачотачка», дэкламавалі «Град», «Адгукніся душа» Я. Купалы (№ 8, с. 4). 15 жніўня вечарына адбылася ў Радашковічах: менскі беларускі тэатр паставіў «Паўлінкі» (бацьку гераіні, дарэчы, граў А. Смоліч, а Якіма – Ф. Ждановіч). Беларускі паэт і публіцыст М. Арол зрабіў аналіз беларускіх песень (№ 20, с. 1–2) і заклікаў беларускую моладзь не спяваць «брыдкіх песень», расейскіх прыпевак, якія занеслі салдаты іа тыя, хто пабываў у расейскім баку (№ 15, с. 1).

Не ўсё беларусам на шляху адраджэння давалася проста. Перашкаджалі ім «апекуны» ці «нацыяналісты», як называе іх газета. Аўтар пад псеўданімам А.У. (магчыма, рэдактар Уласаў) піша пра іх: «Цяпер над галовамі беларусоў змагаюцца дзьве «дзержаўные» нацыі і культуры: польская, што мела даўней палітычную ўласць, і расейская, што цяпер пануе; гэта вайна дзьвух розных культур – тут ідзець аб душы беларусоў» (№ 7, с. 1).



Падводзячы вынікі сямігадовай працы дзеля адраджэння (11.11.1906 – 11.11.1913) «Наша Ніва» пісала: «…Народ, каторы ўваскрос с цемры, не памрэ ізноў і будзе жыць вечна. Рознымі дарогамі ідуць беларусы да яснейшай будучыны, набліжаюць нам тую часіну, калі народ наш – вольны, культурны і багаты – засядзе на пачэсным мейсцы ў сямьі братніх народоў» (№ 40, с. 1).

І гэтак сталася! Толькі, на жаль, няма беларускай асветы, прыгнятаецца беларуская культура, не гучыць дастойна беларуская мова, выпустошваюць гісторыю. Пагаворым пра гэта наступным разам.

Прафесар гісторыі Вячаслаў Швед, belsat.eu

Стужка навінаў