Неэфектыўная і стратная


Гэтак ацанілі стан айчыннай сельскай гаспадаркі эксперты, што сустрэліся ў Шклове – на малой радзіме прэзідэнта. Удзельнікі апазіцыйнай ініцыятывы “Народная праграма” і запрошаныя адмыслоўцы зрабілі адназначную выснову – улады мусяць правесці шматэтапную рэформу.
{movie}Нічыйная зямля (04.01.2014) |right|14089{/movie}
Здабываем нафту і газ, якіх у Беларусі – жменька. Разлічваем на алмазы, якіх яшчэ не вынайшлі…

Патэнцыйнае ж багацце застаецца на паверхні. Каб беларуская зямля давала прыбытак, трэба зрабіць карыстанне ёю даступным для насельніцтва, мяркуюць адмыслоўцы.

ПЁТР МІГУРСКІ, ДОКТАР ЭКАНАМІЧНЫХ НАВУК: “То бок будынкі, машыны, абсталяванне і ўласнасць на прадукт, які робяць. Калі будзе вытворца сяльгаспрадукцы распараджацца канкрэтным прадуктам, тады мы з вамі будзем казаць пра эфектыўнасць гаспадарання агулам па Беларусі”.

Сёння такое эфектыўнасці няма – прыйшлі да высновы незалежныя эксперты падчас дыскусіі “Рэфармаванне сельскай гаспадаркі”, якая адбылася ў Шклове, на малой радзіме дзейнага кіраўніка краіны. На пачатку прэзідэнцтва – былога дырэктара саўгасу сельская гаспадарка была вызначаная прыярытэтнаю галіною. Пасля ў яе ўкінулі $ 50 млрд. Але больш урадлівымі застаюцца недатаваныя дзяржаваю прыватныя гаспадаркі.

У аграпрамысловым комплексе краіны фермеры займаюць 1,8 %, але яны на 40 % больш рэнтабельныя за дзяржаўныя прадпрыемствы. Тых на беларускай зямлі 82,3 %. Кожнае дзясятае з іх – стратнае, 90 % рэшты – неплацежаздольныя.

Агулам іхная запазычанасць сягнула Br 76 трлн. Сума ўдвая большая за грашовы прыбытак. Фермер Дзмітрый Яўстратаў мяркуе, што галіну ўратуе прыватызацыя.

ДЗМІТРЫЙ ЯЎСТРАТАЎ, КІРАЎНІК ФЕРМЕРСКАЙ ГАСПАДАРКІ: “Цяпер, на жаль, зямля ў арэндзе, зямля дзяржаўная, значыць яна нічыя, і стаўленне да яе такое… Яшчэ адна перавага, што калі ў мяне ёсць дзяляначка зямлі ва ўласнасці, ён каштуе пэўную суму, я заўсёды магу яго закласці ў банк, атрымаць крэдыт”.

Адмыслоўца ў аграпрамысловасці – Барыс Вырвіч – адзначае, што прадаваць зямлю трэба ўзважана.

БАРЫС ВЫРВІЧ, АДМЫСЛОЎЦА Ў АГРАПРАМЫСЛОВЫМ КОМПЛЕКСЕ:
“Прыватызацыя мусіць адбывацца для тых людзей, якія сапраўды будуць займацца на гэтай зямлі менавіта сельскай гаспадаркай, а не нейкай іншай галіною дзейнасці”.

Каб захаваць працоўныя месцы работнікаў зямлі і даць ім магчымасць зарабляць больш… Бо хоць цяпер галіна не самаакупляецца, аднак на 80 % забяспечвае насельніцтва харчамі, і перапрацоўчую прамысловасць – сыравінаю.
Прапановы ў структурнай аграрэформе – ад фермераў, навукоўцаў ды палітыкаў – удзельнікі сённяшняга круглага стала накіруюць уладам.

РЫГОР КАСТУСЁЎ, БЫЛЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:
“Каб гэтыя прапановы не згубіліся ў перспектыве. Ва ўсялякім разе каб мы паказалі ўладам, што ёсць ужо ідэі”.

Ідэі рэальныя, але ці пагодзіцца дзяржава аддаць насельніцтву частку сваёй зямлі, а значыць і кантроль над сялом?

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў