Ці не пройдзе абвешчаны на сёлета Год гасціннасці як папярэдні Год беражлівасці?


Ветлівыя і гасцінныя – гэтак пра беларусаў традыцыйна гавораць як унутры, гэтак і па-за межамі нашае Бацькаўшчыны. Сёлета ўлады плануюць як ніколі ўдарна папрацаваць на ніве турызму. Вось толькі ці не пройдзе абвешчаны на сёлета Год гасціннасці як папярэдні Год беражлівасці? І які ён – турыст у Беларусі?
{movie}Нюансы гасціннасці (04.01.2014) |right|14088{/movie}
Год гасціннасці, абвешчаны на сёлета ўладамі, калі і распачаўся, дык з сапраўднага нашэсця турыстаў з Усходу. Паводле расейскага пасла Аляксандра Сурыкава, больш за мільён ягоных суграмадзянаў пастанавілі скарыстаць навагоднія вакацыі, каб наведаць Беларусь.

ТУРЫСТЫ З РАСЕІ: “У Расеі да 8-га студзеня ўлучна – навагоднія вакацыі. І мы пастанавілі сюды прыехаць”.
“Побач суседзі, якіх мы не ведаем”.
“Беларусь – гэта таксама частка краіны, былога СССР, а цяпер асобная рэспубліка з багатаю гісторыяй”.
“Тут чыста, прыгожа, людзі добрыя – усё прывабнае!”.
“Тут Шэнген не трэба афармляць, таму прыехалі сюды”.

Падлічыць, колькі дакладна расейскіх турыстаў прыязджае ў Беларусь, немагчыма праз адкрытую мяжу паміж абедзвюма краінамі. Аднак улічваючы, што практычна ўсе санаторыі, гатэлі і нават гостэлы забітыя пад завязку пераважна нашымі ўсходнімі суседзямі, канстатаваць высокае месца ў рэйтынгу расейскага турыста ўсё-ткі можна.

ВАЛЕРЫЙ МАЦКЕВІЧ, ДЫРЭКТАР ГОСТЭЛУ: “Яны імкнуцца спраўдзіць, што насамрэч адбываецца ў нас. Задаюць вельмі дзіўныя і цікавыя пытанні нашым адміністратарам, накшталт: “Чаму беларускі абутак у Расеі танней, чым у беларускім ГУМе ці ЦУМе?”.

Цікавая тэндэнцыя: акрамя коштаў на абутак, адсутнасці візавага ды моўнага бар’ераў, адносна таннага і якаснага санаторна-курортнага абслугоўвання, каларытных аграсядзібаў, знакамітай чысціні вуліцаў і ветлівасці беларусаў, усё часцей расейцы цікавяцца і… культураю ды гісторыяй сваіх заходніх суседзяў. І ўсё часцей замест настальгіі па СССР ды кпінаў з незразумелай мовы адкрываюць для сябе… новую еўрапейскую краіну.

ЗМІЦЕР КАСПЯРОВІЧ, АРГАНІЗАТАР ТУРАЎ ПА БЕЛАРУСІ: “Традыцыйна, калі сюды прыязджаюць людзі з Расеі, яны мяркуюць, што беларусы – гэта нейкія тыя ж самыя расейцы, толькі, як той казаў, са знакам якасці. І вось прынамсі тыя расейскія мастакі, якія ездзілі са мною, з’ехалі адсюль з тым, што яны зразумелі, што Беларусь – гэта асобная нацыя і асобная культура”.

Вось толькі калі тое, што пачынаюць усведамляць ужо і расейцы, зразумеюць, урэшце, улады Беларусі? І хаця б на сайце Міністэрства спорту і турызму зробяць беларускамоўную старонку…

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/o9sS-PCMKYY

Глядзі таксама
Каментары