«Камунізм – самы чалавечны дзяржаўны лад»


Вядомая польская феміністка, якая паабяцала зрабіць спарон на Каляды, зноў правакуе журналістаў. Гэтым разам яна назвала сябе камуністкаю і сказала, што аддала б перавагу жыць на Кубе, чымся ў ЗША.

«Капіталізм – зло»

«Я камуністка, бо веру, што камунізм – самы чалавечны дзяржаўны лад», – мяркуе польская актывістка феміністычнага руху Катажына Браткоўска (Katarzyna Bratkowska). Паводле яе, камунізм нельга назваць злачыннаю ідэалогіяй, бо яго ніколі і нідзе не пабудавалі, «а вось капіталізм – зло».

Скандал як спосаб выклікаць дыскусію ў грамадстве

І гэта не першая скандальная заява адной з самых вядомых польскіх феміністак. Напярэдадні каталіцкіх Калядаў яна ўзбаламуціла польскую блогасферу і нацыянальныя медыі сваёй радыкальнаю заяваю. Большасць уплывовых польскіх выданняў апублікавала ейнае правакацыйнае паведамленне пра жаданне зрабіць спарон, «каб было весялей», на Каляды. «Не важна, цяжарная я ці не. Я хацела распачаць шырокую грамадскую дыскусію на гэтую тэму», – зазначае Браткоўска ў размове з вядомым журналістам Томашам Лісам. Скандальныя заявы дапамагаюць звяртаць увагу на праблему спаронаў у Польшчы. Якую час ад часу выносяць на публічнае абмеркаванне ў польскіх медыях і якая, вядома ж, займае розум мясцовых палітыкаў.

Нелегальнае «забойства»

Паводле нацыянальнага права зрабіць спарон у каталіцкай Польшчы можа не кожная жанчына. Легальна гэтая працэдура ажыццяўляльная толькі ў трох выпадках: калі цяжарнасць нясе пагрозу жыццю кабеты, калі існуе рызыка нараджэння дзіцяці з цяжкай хваробай альбо калі жанчына зацяжарыла ў выніку згвалтавання. Усе іншыя матывы зрабіць спарон не дазваляюць прайсці гэтую працэдуру легальна. Паводле статыстыкі з моманту прыняцця польскай Канстытуцыі ў 1997 годзе зрабілі з 3 тыс. спаронаў. У сваю чаргу польскія феміністкі кажуць пра 200 тыс. нелегальных, як называюць іх прадстаўнікі каталіцкай царквы, «забойстваў». Польскі інтэрнэт стракаціць прапановамі фірмаў, якія бяруць грошы з полек за легальны спарон на тэрыторыі Галандыі.

Нацыя бязбожнікаў



Пытанне спаронаў для палякаў стаіць вельмі востра з простае прычыны. Колькасць людзей з кансерватыўнымі поглядамі непараўнальна большая, чымся ў Беларусі. Паводле звестак польскага Цэнтру даследаванняў грамадскай думкі 95 % палякаў – каталікі, 92 % лічаць сябе вернікамі, 50 % рэгулярна наведваюць касцёлы. Шмат вернікаў лічаць спарон забойствам. Для Беларусі гэтае пытанне менш актуальнае і не выклікае гарачых спрэчак, бо нашая краіна ўваходзіць у дзясятку самых атэістычных краінаў Еўропы, а пасля камуністычных антырэлігійных зачыстак цягам 70 гадоў увогуле можа прэтэндаваць на званне нацыі бязбожнікаў сярод постсавецкіх краінаў.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў