Прэм'ера фільму на «Белсаце»: як легендарны беларускі музей 70 гадоў існуе без будынку


Сёння а 21:15 – прэм’ера дакументальнага фільму «Людвіка» пра лёс музея братоў Луцкевічаў у Вільні і яго галоўнай захавальніцы Людвікі Кардзіс. Стужка знятая на замову тэлеканалу «Белсат».

Дакументальны фільм «Людвіка» зняты ў 2013 годзе, рэжысёр Мікалай Ваўранюк.

Беларуска з Вільні Людвіка Кардзіс намагаецца адрадзіць легендарны Беларускі музей братоў Івана і Антона Луцкевічаў, які існаваў у 1920-я гады. Фільм – гэта аповесць пра трагічны лёс беларускай інтэлігенцыі, пра спробу захаваць беларускую духоўную і матэрыяльную культуру гэтага калісьці вельмі важнага для беларусаў інтэлектуальнага цэнтру.

Сама Людвіка Кардзіс прапаноўвае лічыць пачаткам музею не 1921 год, а 1911-ты. Тады паводле адрасу Завальная, 7 (сёння вул. Pylimo) месцілася рэдакцыя газеты «Наша ніва», выдавецтва «Наша хата» і беларуская кнігарня. І менавіта там Іван Луцкевіч размясціў свае экспанаты. Максім Багдановіч сказаў тады: «Гэта ёсць фундамент нашага Адраджэння. Гэта і за 1000 гадоў будзе сведчыць аб нас».

{movie}Людвіка Кардзіс пра пачаткі музея Івана Луцкевіча ў Вільні|right|14081{/movie}

Музей зачынілі ў 1945-м. З таго часу справу братоў Луцкевічаў працягвалі Пётра Сергіевіч, Зоська Верас, Адольф Клімовіч, Язэп і Надзея Шнаркевічы ды іншыя. Працягнулі маладзейшыя віленскія беларусы, сярод якіх – Зоя Каўшанка, Янка Багдановіч, Аляксей Анішчык, Лявон Луцкевіч, Лявон Кароль.

У 2001 годзе ўтварылася грамадская арганізацыя «Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча». Яе сябры збіраюць, вывучаюць, захоўваюць і экспануюць у чужых памяшканнях прадметы, якія распавядаюць пра гісторыю і культуру беларусаў Вільні. Паводле літоўскага заканадаўства, кожны можа ахвяраваць 2 % гадавога падатку пэўнай грамадскай арганізацыі. Гэта і ёсць галоўная крыніца ўтрымання музею.

Вядома, што на сваё памяшканне не стае грошай. Усё, што ёсць, трацяць на новыя экспанаты. Галоўная задача, якую паставілі перад сабою актывісты, паспець запісаць сведчанні гісторыі з вуснаў тых, хто быў яе сведкам. Яны сустракаюцца з пажылымі актывістамі беларускага руху і запісваюць іхныя ўспаміны. Часам разам са звесткамі людзі перадаюць рэчы, часцей за ўсё – кнігі, фотаздымкі і рукапісы.

Мара спадарыні Людвікі ды ейных паплечнікаў – разгарнуць навуковую працу і прыдбаць памяшканне, дзе можна было б не толькі выстаўляць, але і якасна захоўваць экспанаты.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў