Ці падсядзіць Лукашэнку ягоны падначалены?


Пра шанцы наменклатурнага перавароту ў Беларусі – былы міністр сельскай гаспадаркі, у савецкія часы – кіраўнік Магілёўскай вобласці – Васіль Лявонаў.

{movie}Васіль Лявонаў у “Размове Калінкінай”|right|14079{/movie}

Спадар Лявонаў быў госцем «Размовы Калінкінай». Паводле яго, страх перад наменклатурным пераваротам у Аляксандра Лукашэнкі прайшоў. І апошні раз ён сапраўды чакаў такога павароту падзеяў у сярэдзіне 1990-х гадоў. «Перыяд перад тым, як сышоў Чыгір і крыху пасля мог баяцца», – удакладняе суразмоўца. Паводле яго, аднойчы Лукашэнка нават уцёк з нарады міністраў, якая праходзіла ў ягоным кабінеце. Тады міністры не пагадзіліся з дакладам дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана, які абвінаваціў у тым, што давялі краіну да глыбокага крызісу. Міністры сказалі: «Навошта вы нас сюды паклікалі, гэта бязглуздзіца – тое, што мы разглядаем». І Лукашэнка нечакана выйшаў з кабінету і адсутнічаў некалькі гадзінаў. «Гэта быў выклік для яго», – падсумоўвае сітуацыю Васіль Лявонаў.

Ён узгадвае і нараду ў Доме спорту, дзе Лукашэнка збіраўся гаварыць аб праекце новай канстытуцыі [якая пашырала ягоныя паўнамоцтвы і падаўжала тэрмін перабывання на пасадзе і якую прынялі на рэферэндуме 1996 года – belsat.eu]. Нязгодныя з прэзідэнтам былі гатовыя тады выступіць. «Абсалютнай большасці было там гідка сядзець. Ён выйшаў, ён адчуў залу і сказаў: мы не будзем нічога абмяркоўваць».

Цяпер жа, паводле госця праграмы, кіраўнік Беларусі пазбавіўся страху. «Цяпер існуюць даносы, праслухоўванне, кантроль, ён упэўнены, што пранік паўсюдна і ўсіх бачыць». «Ва ўрадзе ёсць шмат разумных людзей, я не хачу называць прозвішчаў – там ёсць сапраўдныя прафесіяналы, якія разумеюць, што да чаго ідзе, – гаворыць Васіль Лявонаў. – Але ў іх выйсця няма: на нары, а ёсць жа сям’я, дзеці».

Аднак калі пераварот задумае галоўны спонсар і ўтрымальнік рэжыму, тады ён магчымы, кажа экс-міністр.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў