Беларусаў чакае жыццё без папяровых грошай?


Пра будучыню інтэрнэт-шопінгу – «Гарачы каментар» з чальцом камітэту міжнароднага гандлю Еўрапарламенту, палітолагам і эканамістам са Швецыі Крыстафэрам Ф’ельнэрам (Christofer Fjellner).

{movie}Пра будучыню інтэрнэт-шопінгу – «Гарачы каментар» з чальцом камітэту міжнароднага гандлю Еўрапарламенту, палітолагам і эканамістам са Швецыі Крыстафэрам Ф’ельнэрам (Christofer Fjellner)|right|14078{/movie}

«Белсат»: – Спадар Ф’ельнэр, колькасць еўрапейскіх спажыўцоў, якія набываюць тавары і паслугі праз інтэрнэт, павысілася за апошнія 5 гадоў удвая – з 20 % да 40. Чаму, на Вашую думку?

К. Ф.: – Калі б я дакладна ведаў чаму, я б, верагодна, спыніў сваё дэпутацтва ў Еўрапейскім парламенце і замест гэтага распачаў бы свой уласны онлайн-бізнес… Шчыра кажучы, думаю, прычына ў тым, што набыццё праз інтэрнэт мае некалькі перавагаў. Па-першае, лягчэй параўноўваць кошты. Я ведаю, напрыклад, што, калі я хачу набыць нешта ў Стакгольме, мне трэба наведаць пяць розных крамаў, каб выбраць тавар з найлепшым коштам. Тым часам у інтэрнэце вы можаце зрабіць тое ж самае цягам пары хвілінаў, параўнаўшы прапановы некалькіх сайтаў. І таму знайсці патрэбны вам прадукт з прымальным коштам нашмат прасцей праз інтэрнэт.

«Белсат»: – Калі казаць пра папулярнасць набывання онлайн, то яна ў значнай ступені залежыць, натуральна, ад доступу да інтэрнэту. У Галандыі, напрыклад, 90 % насельніцтва маюць такі доступ, у Беларусі – значна менш. Ці азначае гэта, што нашая краіна згубленая для онлайн-шопінгу?

К. Ф.: – Верагодна, не згубленая пакуль. Але калі немагчыма падключыцца да інтэрнэту, то і вельмі цяжка, натуральна, набыць штосьці праз яго. Але я ўсё ж прытрымліваюся думкі, што інтэрнэт – дасягненне, развіццё якога ніхто не можа спыніць. Я ўпэўнены ў тым, што ўсе з нас будуць «онлайн». Рана ці позна, але будуць. І ў Беларусі карыстацца інтэрнэтам будуць здольныя не 90 % насельніцтва, а ўсе 100, – гэта толькі пытанне часу. І таму Беларусь не згубленая для пакупак у інтэрнэце. Яна проста не такая хуткая ў гэтым пытанні як Галандыя ці Швецыя, ці шмат якія яшчэ еўрапейскія краіны.

«Белсат»: – Не сакрэт, што ў працэсе пакупак праз інтэрнэт існуюць таксама і пасткі. Падман, напрыклад: вы плоціце грошы, але не атрымліваеце нічога. У якіх сітуацыях падман магчымы і што рабіць, каб яго пазбегнуць?

К. Ф.: – Я думаю, што мы ў Еўрапейскім парламенце зрабілі даволі шмат для рэгулявання заканадаўства ў онлайн-шопінгу. І я ведаю, што ў Швецыі, напрыклад, урад таксама зрабіў шмат добрых крокаў у тым, што датычыць стварэння, напрыклад, адмысловых лагатыпаў бяспекі. І пры дапамозе гэтых лагатыпаў інтэрнэт-кліент можа больш-менш кантраляваць сітуацыю і бяспечна рабіць пакупкі. Я думаю, што і палітыкам трэба спрабаваць уплываць на сітуацыю з тым, каб людзі не баяліся набываць нешта праз інтэрнэт. Але падкрэслю: пачуццё бяспекі ці пачуццё небяспекі, калі вы робіце пакупкі праз інтэрнэт, яно крышачку хісткае, няправільнае. Мяне, я ведаю, шмат разоў дурылі, калі я спрабаваў набыць нешта ў звычайнай краме. Гандляры мяне запэўнівалі ў тым, што вось гэта – самая сапраўдная скура і што мне не варта непакоіцца… Але калі я вяртаўся дахаты і карыстаўся гэтай прадукцыяй некалькі дзён, я бачыў, што гэта насамрэч пластык, а зусім не скура. І таму трэба заўсёды заставацца вельмі разумным і руплівым спажыўцом – і калі нешта набываеш праз інтэрнэт, і калі без яго.

«Белсат»: – Вы ужо адзначылі, што адна з перавагаў онлайн-шопінгу – гэта яго прастата. Але ў ім, прызнайце, існуе і моцны псіхалагічны эфект – пазбаўляцца грошай праз інтэрнэт таксама значна лягчэй, бо вы не бачыце, колькі купюраў пакідаюць вашыя рукі…

К. Ф.: – Гэта, вядома ж, праўда. Але, з іншага боку, падкрэслю той факт, што для 90 % усіх сваіх пакупак я выкарыстоўваю крэдытную картку. І часам у мяне, калі я вяртаюся пасля працы дахаты, узнікае пачуццё таго, што ад частага выкарыстання крэдыткі мне трэба яе ўвечары засунуць у лядоўню. З тым, каб яна крыху ахаладзілася… Вы не бачыце банкнотаў, так… Але трэба прызвычайвацца да думкі, што банкнотаў наагул не будзе ў будучыні. Я думаю, у будучыні мы будзем жыць з электронных крэдытаў. Мы ўжо з іх жывем, калі карыстаемся крэдытнымі карткамі. І, магчыма, папулярнасць крэдытных картак, як і інтэрнэту, у Галандыі і Швецыі значна вышэйшая цяпер, чымся ў Беларусі, але рана ці позна, мяркую, усім нам давядзецца прыняць той факт, што грошы – гэта не толькі банкноты, грошы – гэта катэгорыя лічбавая…

«Белсат»: – Не так даўно Еўракамісія зрабіла спробу змагацца супраць некаторых авіякампаніяў, якія ўводзяць у зман сваіх кліентаў, і тыя плоцяць за свае квіткі онлайн больш, чым сказанае ў рэкламе, нават часам не заўважаючы таго. Але сітуацыя, здаецца, не мяняецца. Што трэба зрабіць?

К. Ф.: – Калі сітуацыя застаецца той жа, то Еўрапейская камісія мусіць, натуральна, шчыльна заняцца гэтымі кампаніямі. Калі еўрапейскае заканадаўства гаворыць пра тое, што трэба размяшчаць сапраўдную інфармацыю пра кошты, то кампанію, якая гэтак не робіць, мусяць пакараць. Але ў той жа час я ведаю, што некаторыя кампаніі, асабліва ў авіяцыйным сектары, робяць для сябе гонарам тое, што размяшчаюць у інтэрнэце праўдзівыя кошты на свае квіткі. Я, напрыклад, са Швецыі, і таму часта карыстаюся з паслугаў авіякампаніі SAS. І я заўважыў, што яны часта паўтараюць у сваёй рэкламе: «Кошт той, што мы кажам – дакладна кошт, які вы плоціце». І гэта фактычна перавага тых, хто гуляе паводле правілаў. Вы маеце больш камфорту, карыстаючыся з іхных паслугаў, чым калі вы звяртаецеся да тых, хто хоча ўрваць з вас больш, чым абяцае. Гэткія трукі – дрэнная бізнес-практыка. І кампаніі, якія выкарыстоўваюць такую практыку, будуць губляць больш і больш кліентаў.

Гутарыў Алесь Сіліч

Стужка навінаў