“ЖКХ, ЖКО, ЖКУ, ЖЭУ, ЖЭС” – абрэвіятуры якія нас раздражняюць!


https://youtu.be/uHwYtYHlQJM
Павышаць тарыфы на камунальныя паслугі замест ураду будуць мясцовыя ўлады. Першымі непрыемны навагодні падарунак атрымалі менчукі. Да росту тарыфаў ва ўсёй краіне ў сталіцы дадаўся яшчэ і рост кошту камунальных паслугаў – выключна для Менску.
{movie} Бонусы камунальнікаў (03.01.2014)|right|14077{/movie}
Надвор’е пакуль падгульвае камунальнікам – снегу няма і ЖКГ працуюць без аўралаў. Але ўсё адно жыллёва-камунальная гаспадарка застаецца сфераю, якую крытыкуюць найбольш.

АПЫТАННЕ, МЕНСК: “ЖКГ у нас не эфектыўна працуе. Трэба глядзець, наколькі ў іх там рэальныя выдаткі, і наколькі яны аб’ектыўныя”.
“У мяне заробак так не расце, як растуць нашыя тарыфы”.
“Што датычыць нашага дому, то не задавальняе, у нас вельмі кепска прыбіраецца тэрыторыя, пад’езд”.

З новага года ва ўсёй краіне электраэнергія падаражала на 20 %, выраслі кошты на ацяпленне, гарачую ваду, а таксама на звадкаваны газ для насельніцтва. Эканамісты ставяць гэтыя павышэнні ў адзін шэраг з пераднавагоднім ростам коштаў на паліва.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Унутраны рынак сціскаецца, попыт на беларускую прадукцыю скарачаецца, і кампенсаваць гэта можна толькі праз павышэнне коштаў на тое, ад чаго людзі не могуць адмовіцца, – на ЖКГ, паліва, гарэлку”.

Але гэта яшчэ не ўсё. Жыхары Менску атрымалі “бонус” ад камунальнікаў: рост коштаў на тэхабслугоўванне дамоў, каналізацыю, водазабеспячэнне і карыстанне ліфтамі. Сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі абсалютна не эфектыўная, і павышаць кошты на яе паслугі можна бясконца, кажа эканаміст Міхал Залескі.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Ад 15 да 30 %, паводле розных ацэнак, насельніцтва аплачвае рэальны кошт ЖКГ. І тут ёсць два спосабы: або зніжэнне гэтага кошту, або павышэнне аплаты. Дзяржава ідзе шляхам павышэння аплаты – гэта прасцей, бо, каб знізіць кошт паслугі, трэба папрацаваць, трэба ўвесці прыватны бізнес”.

Але пакуль прыватныя ініцыятывы ў сферы ЖКГ на роўных канкураваць з дзяржаўнымі не могуць. Па-першае, дзяржаўныя ЖКГ атрымліваюць бясконцыя субсідыі, а, па-другое, на рынку камунальных паслугаў працуюць адзінкі прыватных фірмаў.

АЛЯКСЕЙ ЛАЎТО, АДМЫСЛОВЕЦ У ЖКГ:
“Трэба пазбаўляцца ад манапалізму ў кіраванні, і трэба, каб кіравалі адмыслоўцы, якія глабальна глядзяць на развіццё краіны і развіццё свету”.

Летась кіраўнік краіны неаднаразова крытыкаваў і Мінэнерга, і камунальнікаў, і ўрад за тое, што не ведаюць, як разлічваюцца тарыфы ЖГК.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ (красавік, 2013): “Непразрыстасць механізмаў фармавання тарыфаў на паслугі ды цеплаэлектразабеспячэнне, а таксама іх сталы рост выклікаюць негатыўную рэакцыю як суб’ектаў гаспадарання, так і насельніцтва”.

Але пакуль мяняюцца толькі лічбы ў жыроўках.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары