Ці можна развіваць фермерскую гаспадарку ў краіне, дзе зіма цягнецца паўгода?


Ці можна развіваць фермерскую гаспадарку ў краіне, дзе зіма цягнецца паўгода, а ўлетку амаль штодня ідуць дажджы? Аказваецца, можна! Для гэтага дастаткова проста любіць сваю справу.
{movie} Сена з пахам віна (03.01.2014)|right|14076{/movie}
Амаль некранутая часам і людзьмі прырода ды надзвычай прыгожыя і маляўнічыя навакольныя краявіды – з гледзішча вядзення сельскай гаспадаркі гэта ўсяго толькі ісландскі міраж. Вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры або працяглы час пасвіць жывёлу на гэтых палях немагчыма. Узімку вось гэтыя хаткі заносіць снегам літаральна па самы дах, ды і зіма часам нечакана ў студзені ператвараецца ў халодную, няўтульную восень. Але, нягледзячы на капрызы прыроды, былой настаўніцы Арнгэйдур Ё́рлейфстоўхтыр удалося зрабіць цуд – стварыць тут ферму, якая працуе эфектыўна.

АРНГЭЙДУР ЁРЛЕЙФСТОЎХТЫР, ФЕРМЕРКА: “У нас тут каля 600 авечак, коні ды трыста курачак-нясушак. Бегаюць і коткі з сабакамі. А таксама некалькі свінак, якіх мы ўлетку трымаем на вуліцы. Трусоў гадуем для дзяцей”.

Але дзеці, якіх у гэтай сям’і трое, не толькі гуляюць з трусамі ды з сабачкамі.

ГРУДБ’ЁРГ ГЮДМЮНДСТОЎХТЫР, ДАЧКА: “Бяру вось гэтае сена і нясу козліку на вячэру. Дапамагаю маці!”

Дапамагаюць фермерцы і гастарбайтары, якія рэгулярна прыязджаюць сюды з усяго свету падпрацаваць. Часта тут можна сустрэць палякаў, Мэлёдзі – францужанка.

МЭЛЁДЗІ, ГАСТАРБАЙТАРКА: “Я ўжо месяц працую на гэтай ферме. Даглядаю каровак і коней. Гэта, безумоўна, вельмі карысны досвед для мяне, бо сутыкаешся з рэчамі, якіх не сустрэнеш у Еўропе”.

Напрыклад, з рэальнасцю, калі ў любы момант побач можа пачацца вывяржэнне вулкану або гейзеру. Ад такіх разбуральных выпадкаў мясцовых фермераў страхуе дзяржава.

АРНГЭЙДУР ЁРЛЕЙФСТОЎХТЫР, ФЕРМЕРКА: “Існуе фонд, які можа падтрымаць фермераў, калі яны сутыкаюцца з гэткім экстрымам. Праз гэты фонд вы можаце атрымаць грошы ад дзяржавы і пачаць усё з нуля”.

Але пра экстрэмальныя сітуацыі тут стараюцца не думаць. А проста займаюцца штодзённаю сельскагаспадарчаю працаю. Стрыгуць авечак, песцяць коней і гадуюць каровак, якіх на гэтай ферме 40. Дарэчы, ісландскія каровы надзвычай стойкія да хваробаў, а іхнае малако больш тлустае, чым у еўрапейскіх “калегаў”. І з яго атрымліваецца больш сыру і шакаладу. Магчыма, сакрэт у разнастайнасці іхнага меню?

Б’ЁРН, РАБОЧЫ: “Частуем іх двума гатункамі сена. Гэтае – больш сухое, а вось гэтае – макраватае і пахне крышачку як віно. Для кароваў гэта нейкая навінка!”

Дарэчы, любыя навінкі тут любяць і намагаюцца рэалізоўваць. Нядаўна зрабілі ферму адкрытаю для грамадскага доступу. Аўтобусамі возяць сюды школьнікаў і турыстаў на экскурсіі. Ці ладзяць вось такія вясковыя кірмашы, куды з усіх суседніх вёсак сяляне прывозяць на продаж свае шынку, мёд, сала, вясковы інвентар і адзенне.

Ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу і, відавочна, неспрыяльнага, мякка кажучы, для вядзення сельскай гаспадаркі надвор’я выжыць мясцоваму фермеру сёння зусім не проста. Але яму дапамагаюць дух сапраўднага вікінга і здольнасць зарабляць на чым толькі можна. Напрыклад, прыцягваючы турыстаў прыгажосцю мясцовай прыроды.

Алесь Сіліч, “Аб’ектыў”, Ісландыя
https://youtu.be/W5rHe4LcZFY

Глядзі таксама
Каментары